Памежныя службы, органы ўнутраных спраў, дзяржбяспекі і мытні вобласці павінны выйсці на новы ўзровень узаемадзеяння
У пасяджэнні камісіі прыняў удзел намеснік старшыні Дзяржпагранкамітэта Беларусі Ігар Печань
Першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч падкрэсліў, што за справаздачны перыяд на Віцебшчыне было забяспечана належнае ўзаемадзеянне пагранічных службаў і органаў унутраных спраў. Былі распрацаваны мерапрыемствы па выяўленні асоб, якія незаконна перасякалі дзяржаўную мяжу і парушалі права знаходжання на памежнай і тэрыторыі вобласці.
Напрыклад, праводзіліся рэйды па населеных пунктах. Дзякуючы сумеснай працы з праваахоўнымі службамі і аддзяленнямі па грамадзянстве і міграцыі прыцягнуты да розных відаў адказнасці замежныя грамадзяне, некаторыя з іх у далейшым дэпартаваны. Такім чынам, падтрымлівалася стабільная аператыўная абстаноўка ў памежжы і вобласці.
Акрамя гэтага, ішла праца па стварэнні зон чакання перад аўтадарожнымі пунктамі пропуску «Грыгароўшчына» і «Урбаны»: у першай з 10 снежня ў тэставым рэжыме функцыянуе паслуга электроннай чаргі.
На працягу мінулага года праходзілі выязныя сустрэчы кіраўнікоў Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь і Віцебскага аблвыканкама з прадстаўнікамі мясцовых улад і пагранічных падраздзяленняў у Пастаўскім, Браслаўскім, Верхнядзвінскім і Полацкім раёнах. Сумесна распрацаваны мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне бяспекі дзяржмяжы.
Алег Сяргеевіч адзначыў уклад друкаваных СМІ, у тым ліку «Віцебскіх вестак», у справу прапаганды сярод насельніцтва дзяржаўнай палітыкі пагранбяспекі: у рэгіянальных і абласной газетах за 2017-ы было апублікавана больш за 900 матэрыялаў аб дзейнасці органаў пагранічнай службы, маладых людзях, якія адслужылі тэрміновую службу на мяжы, тым самым падымаўся прэстыж органаў пагранслужбы і аказвалася дапамога ў прафарыентацыі.
Таксама ўдзялялася ўвага выхаваўчай рабоце ва ўстановах адукацыі. На тэрыторыі Віцебшчыны дзейнічаюць 12 клубаў «Юных пагранічнікаў», у якіх займаюцца 167 навучэнцаў. У іх праводзяцца мерапрыемствы ваенна-патрыятычнай накіраванасці, хлопцы знаёмяцца з буднямі пагранічнікаў, удзельнічаюць у розных спаборніцтвах.
Штогод выпускнікі такіх фарміраванняў становяцца курсантамі Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. А ў летні перыяд дзеці адпачываюць і атрымліваюць загартаванне ў ваенна-патрыятычных лагерах.
З мэтай паляпшэння інфраструктуры ў памежных раёнах прыводзіліся ў парадак аб'екты прыдарожнага сэрвісу. Акрамя таго, своечасова і якасна ажыццяўляўся рамонт дарожнага пакрыцця паблізу міжнародных і пунктаў спрошчанага пропуску. У добраўпарадкаванні памежнай тэрыторыі былі задзейнічаны не толькі дарожныя службы, але і лясгасы, а таксама будаўнічыя арганізацыі.
– Аднак абстаноўка ў памежнай прасторы і з'яўленне новых выклікаў і пагроз патрабуюць ад нас удасканалення форм і метадаў работы па забеспячэнні пагранічнай бяспекі, – дадаў Алег Мацкевіч.
Ён агучыў асноўныя задачы на 2018-ы: паляпшэнне інфармацыйна-прапагандысцкай работы па тлумачэнні заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы і мерах адказнасці за яго парушэнне, выхад на новы ўзровень узаемадзеяння органаў унутраных спраў, дзяржбяспекі, пагранічных службаў і мытні. Мяжа Беларусі павінна стаць надзейным заслонам ад незаконнай міграцыі і перамяшчэння таварна-матэрыяльных каштоўнасцей.
Падзяку старшыні Дзяржпагранкамітэта абвешчана начальніку аддзела 7-га упраўлення (па Віцебскай вобласці) ГУБВПС МУС Рэспублікі Беларусь падпалкоўніку міліцыі Вадзіму Талпінцу
Прысутнічаўшы на пасяджэнні камісіі намеснік старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь Ігар Печань падкрэсліў, што ў цэлым праца па забеспячэнні пагранічнай бяспекі на тэрыторыі Віцебскай вобласці за мінулы год была здавальняючай.
Прычым у ёй адсутнічаў фармалізм, выконваліся канкрэтныя дзеянні і праводзіліся мерапрыемствы па павышэнні пагранічнай бяспекі. Ігар Мікалаевіч распавёў, што на Віцебшчыне было затрымана больш за 350 парушальнікаў заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы. І гэты адносна невялікі паказчык сведчыць аб высокім узроўні працы органаў пагранічнай службы, дзе меры прафілактыкі адыгрываюць прыкметную ролю.
Прыемным момантам пасяджэння камісіі было ўзнагароджанне служачых тэрытарыяльных пагранкамітэтаў, абласнога і райвыканкамаў, а таксама грамадзян, якія ўнеслі ўклад ва ўзмацненне бяспекі дзяржаўнай мяжы.