Паказ карнавальных касцюмаў для юных моднікаў і модніц пройдзе 3 снежня ў Віцебску

2 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцябляне заняліся самай актыўнай падрыхтоўкай да Новага года. Пры гэтым у ліку першачарговых спраў у многіх з іх значыцца набыць прыдатны ўбор. Асабліва востра гэтае пытанне стаіць у юных моднікаў і модніц, для якіх карнавальны касцюм з'яўляецца абавязковым атрыбутам свята. Спецыяльна для іх 3 снежня ў абласным цэнтры адбудзецца паказ навагодняй калекцыі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча №19 бытавога абслугоўвання насельніцтва (ПТВ №19) Іван Рыцько. Модны паказ адбудзецца ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі Чыгуначнага раёна Віцебска. Увазе гледачоў будуць прапанаваны 40 эксклюзіўных карнавальных убораў для дзяцей ад 1,5 да 8 гадоў, распрацаваных навучэнцамі розных курсаў ПТВ №19. Тэматычна яны дзеляцца на касцюмы герояў рускіх народных казак, усходніх легенд і паданняў, жывёл, персанажаў сучасных мультфільмаў і коміксаў. Так, на подыуме будуць выхаджваць зайчыкі, мядзведзяняты і бялкі, каралі і прынцы, зорачкі і сняжынкі. З гонарам прадэфілююць мушкецёры, чалавек-павук, бэтмен і ніндзя. Цэлы парад прынцэс, несумненна, прымусіць юных прыгажунь задумацца пры выбары. Як адзначыў Іван Рыцько, дэманстрацыя навагодняй калекцыі праводзіцца ПТВ ужо дзясяты раз. Прыемнае мерапрыемства спалучае масу карысных вартасцей. У прыватнасці, падрыхтоўка да яго з'яўляецца адным з заняткаў моладзі ў пазаўрочны час і дапамагае ўдасканальваць будучым куцюр'е свае прафесійныя навыкі. Акрамя таго, створаныя касцюмы ў далейшым будуць рэалізаваны праз уласны магазін навучальнай установы, а атрыманыя сродкі накіраваны на падтрымку рабят і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ПТВ.-0-