Паказчык па энергазберажэнні ў Віцебскай вобласці за студзень-красавік дасягнуў мінус 15,6%
20 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Паказчык па энергазберажэнні ў Віцебскай вобласці за студзень-красавік дасягнуў мінус 15,6%, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Уладзімір Хрон.
Па яго словах, згодна з папярэднімі данымі, паўночная вобласць стала адзіным рэгіёнам Беларусі, які не толькі выканаў устаноўленае заданне па энергазберажэнні ў мінус 13,5%, але і перавыканаў яго.
Усяго па выніках чатырох месяцаў вобласць спажыла 1,7 млн.т умоўнага паліва (т.уп.), што на 106,5 тыс.т.уп. менш у параўнанні з аналагічным узроўнем мінулага года. Характэрна, што зніжэнне энергаспажывання адбываецца пры захаванні дастаткова высокага паказчыка па тэмпах росту таварнай прадукцыі, які ў студзені-красавіку склаў 109,8%. У асноўным гэта дасягнута дзякуючы мадэрнізацыі прадпрыемстваў і павышэнню іх энергаэфектыўнасці. Асабліва паказальна ў гэтым напрамку работа ААТ "Нафтан", дзе за кошт паглыбленай перапрацоўкі нафты ўдалося значна павялічыць аб'ём вытворчасці пры меншым спажыванні паліва, сказаў суразмоўца.
Адчувальны эфект прынеслі таксама і мерапрыемствы арганізацыйнага характару. Так, рэалізацыя ў буйных гарадах праекта па адключэнні ацяплення ў пад'ездах пры станоўчай тэмпературы паветра дала эканомію амаль у 3 тыс.т.уп. у месяц. Свой вынік прынесла аптымізацыя нагрузкі на энергасеткі, штотыднёвыя праверкі ўсіх рэгулятараў падачы электраэнергіі ў дамы грамадзян і арганізацый.
Дасягнуць даведзенага задання ўдалося шмат у чым і за кошт планамернай работы па выкананні мерапрыемстваў па эканоміі рэсурсаў і энергазберажэнні на кожным прадпрыемстве вобласці, дадаў Уладзімір Хрон.-0-