Паклонны крыж у гонар маракоў-беларусаў, якія змагаліся ў Крымскай вайне, будзе ўстаноўлены ў Севастопалі
Паклонны крыж у гонар маракоў-беларусаў, якія змагаліся ў Крымскай вайне 1853-1856 гадоў, будзе ўстаноўлены ў Севастопалі. Пра гэта журналістам паведаміў каардынатар і аўтар расійска-беларускага праекта "Марское братэрства - непарушнае!" Арсеній Крыцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паклонны крыж будзе ўстаноўлены падчас правядзення акцыі "Флот памятае ўсіх, а значыць і мяне!", прысвечанай загінулым воінам беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх марскіх палкоў, якія змагаліся ў Крымскай вайне. Плануецца, што на месцах баёў будуць устаноўлены тры паклонныя крыжы - па адным для Беларусі, Расіі і Украіны. Першы паклонны крыж будзе ўстаноўлены 29 ліпеня ў Нахімаўскім раёне Севастопаля на Паўлаўскім мысе. У бліжэйшы час з кіраўніцтвам горада будзе абмяркоўвацца ўстаноўка другога паклоннага крыжа і адкрыццё капліцы ў вусці ракі Альмы.
Па словах Арсенія Крыцкага, сімвалічна, што крыж у гонар маракоў-беларусаў з'явіцца ў раёне Севастопаля, дзе ёсць вуліцы Віцебская, Магілёўская, Брэсцкая, Мінская, якія названы ў гонар беларускіх палкоў. Падчас цырымоніі ўстаноўкі крыжа прадстаўнікам беларускай дэлегацыі будуць перададзены копіі штандараў Віцебскага і Мінскага палкоў, якія гераічна змагаліся пры абароне Севастопаля.
Паклонны крыж выраблены з сасны і каванага жалеза на сродкі беларускіх маракоў - ветэранаў ваенна-марскога флоту СССР і воінаў-афганцаў. Асвячэнне паклоннага крыжа архіепіскапам Аршанскім і Віцебскім Дзімітрыем адбудзецца 21 ліпеня ў Свята-Успенскім кафедральным саборы Віцебска.
На думку намесніка дырэктара дабрачыннага фонду дапамогі воінам-інтэрнацыяналістам "Памяць Афгана" Аляксандра Галубовіча, падобныя акцыі маюць вялікае гістарычнае значэнне. "Гэта ўнікальны міжнародны праект, і да яго трэба прыцягваць увагу", - лічыць ён.
Акцыя ваенна-патрыятычнага праекта "Марское братэрства – непарушнае!" арганізавана пры падтрымцы Усерасійскай грамадскай арганізацыі марскіх пехацінцаў "Тайфун", Еўразійскай акадэміі тэлебачання і радыё, дабрачыннага фонду дапамогі воінам-інтэрнацыяналістам "Памяць Афгана", міжнароднага фестывалю сацыяльнай культуры "100 гарадоў свету", пасольства Украіны ў Беларусі, пасольства Расіі ў Беларусі, Расійскай творчай суполкі работнікаў культуры, "РосВаенЦэнтра" Масквы, адміністрацыі Віцебска і Віцебскай вобласці, Севастопальскага таварыства "Беларусь", Міністэрства інфармацыі Беларусі, Дома прэсы Беларусі, фонду "Марская адукацыя" Санкт-Пецярбурга, Беларускай праваслаўнай царквы, Чарнаморскага флоту Расіі, ВМС Украіны, прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску, фонду "Камандарм".