Полявыя работы на воінскіх пахаваннях у 2010 годзе пройдуць у сямі раёнах Віцебскай вобласці

9 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці палявыя работы на неўлічаных воінскіх пахаваннях у 2010 годзе пройдуць на тэрыторыі сямі раёнаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік ваеннага камісара ваеннага камісарыята Віцебскай вобласці Сяргей Ольсевіч. Салдаты спецыялізаванага пошукавага батальёна Мінабароны ўжо прыступілі да раскопак каля вёскі Старыкавічы ў Шумілінскім раёне, дзе пасля вайны пры размініраванні тэрыторыі падарвалася цэлая група сапёраў. У Браслаўскім раёне ім трэба будзе даследаваць пахаванне, як мяркуецца, 1944 года. У Віцебскім - месцы гібелі партызан і падпольшчыкаў каля вёскі Лукі і вайскоўцаў каля вёскі Ацікіна. Палявыя работы будуць таксама весціся ў Докшыцкім, Дубровенскім і Гарадоцкім раёнах. У апошнім, напрыклад, знаходзіцца неўлічанае пахаванне, у якім, па папярэдніх даных, астанкі пяцідзесяці вайскоўцаў. Акрамя таго, пошукавыя работы таксама плануецца правесці на месцах баявых дзеянняў пад Полацкам, дзе ў 1941-1943 гадах праходзілі жорсткія баі з удзелам абаронцаў горада. Асноўную частку работ па пошуку загінуўшых вайскоўцаў у гады ВАВ трэба будзе правесці летам. Пад'ём і цырымоніі перапахавання знойдзеных астанкаў намечаны на восень. "Увекавечанне памяці ўдзельнікаў супраціву і воінаў, якія абаранялі сваю Радзіму ад фашысцка-нямецкіх захопнікаў, з'яўляецца адной з найважнейшых задач Міністэрства абароны. Гэта наша даніна павагі ветэранам і загінулым абаронцам за здзейснены імі подзвіг", - падкрэсліў суразмоўца. Значны ўклад у інфармаванне аб раней невядомых пахаваннях уносяць і моладзевыя пошукавыя аб'яднанні. Іх актыўны ўдзел сведчыць аб тым, што маладыя людзі ганарацца і шануюць подзвіг сваіх бацькоў і дзядоў, дадаў Сяргей Ольсевіч. Палявыя пошукавыя работы з раскопкамі на мясцовасці ў 2009 годзе праводзіліся ў Віцебскім, Дубровенскім, Лёзненскім, Верхнядзвінскім, Лепельскім, Гарадоцкім і Полацкім раёнах Віцебскай вобласці. Усяго было адпрацавана 30 пошукавых аб'ектаў, на якіх удалося знайсці 5 медальёнаў, медаль "За адвагу" сяржанта з Тулы, дзве гранаты Ф-1, каля 300 патронаў, фрагменты самалёта і 10 іншых рэліквій. Акрамя таго, з зямлі былі падняты астанкі 322 вайскоўцаў. Удалося ўстанавіць звыш 1,3 тыс. прозвішчаў вайскоўцаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі рэгіёна.-0-