Паліклініку ў Навалукомлі адкрылі пасля рамонту

Поликлинику в Новолукомле открыли после ремонта
У Навалукомльскай цэнтральнай раённай бальніцы Чашніцкага раёна сёння ўрачыста адкрылі пасля рамонту паліклініку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва бальніцы Валерый Красоўскі.

Работы ў будынку доўжыліся каля паўгода. За гэты час у паліклініцы зрабілі касметычны рамонт, замянілі трубаправоды, дзверы, вокны, добраўпарадкавалі тэрыторыю, новы выгляд атрымала пральня: у ёй амаль цалкам абнавілі абсталяванне. Таксама было адрамантавана прыёмнае аддзяленне.

"У паліклініцы працуюць больш за 40 урачоў, яна разлічана на 625 наведванняў у змену. Дзякуючы яе абнаўленню палепшыліся ўмовы знаходжання пацыентаў і працы медперсаналу", - адзначыў Валерый Красоўскі.

Навалукомльская бальніца адкрылася ў 1970 годзе. У 1997-м яна была ператворана ў Навалукомльскую цэнтральную раённую бальніцу Чашніцкага раёна. Медустанова разлічана на больш чым 160 ложкаў. Медыкі працуюць па спецыяльнасцях тэрапія, педыятрыя, хірургія, акушэрства-гінекалогія, афтальмалогія, псіхіятрыя, неўралогія. За апошнія гады ў бальніцы правялі капітальны рамонт дзіцячага, інфекцыйнага аддзяленняў, былі палепшаны ўмовы ў хірургічным і галоўным корпусах бальніцы.