«Палімір» пачаў пастаўляць акрылавае валакно ў Балгарыю і Італію

1 ліпеня, Мінск /Мілена Ануфрыенак - БЕЛТА/. Завод "Палімір" адкрытага акцыянернага таварыства "Нафтан" сёлета пачаў пастаўляць акрылавае валакно ў Балгарыю і Італію. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік упраўлення маркетынгу "Паліміра" Аляксандр Барткевіч. Ён адзначыў, што ўжо ў бліжэйшыя месяцы пастаўкі валакна ў гэтыя дзве краіны могуць скласці сумарна да 300 т у месяц. Прадпрыемству ўдалося выйсці на канчатковых спажыўцоў і, па словах Аляксандра Барткевіча, пакупнікі просяць павялічваць аб'ём паставак ад месяца да месяца. За студзень-май 2009 года ў Балгарыю і Італію "Палімір" адгрузіў да 400 т валакна маркі "Нітрон-Д". Акрамя таго, завод працягвае экспартаваць акрылавае валакно ў Польшчу. На польскім рынку партнёрам прадпрыемства з'яўляецца фірма Unia, праз якую ажыццяўляюцца пастаўкі каля 100-200 т валакна ў месяц. Сёлета аб'ём паставак у Польшчу прадугледжваецца захаваць прыкладна на ўзроўні мінулага года. У той жа час з улікам выхаду на балгарскі і італьянскі рынкі "Палімір" у 2009 годзе разлічвае нарасціць экспарт акрылавага валакна ў ЕС у параўнанні з мінулым годам як мінімум удвая да 3-3,5 тыс.т. Начальнік упраўлення маркетынгу адзначыў, што цяпер на сусветным рынку акрылавага валакна назіраецца ажыўленне. "Цэны на валакно растуць вельмі моцна і ў Азіяцкім рэгіёне, і ў Заходняй Еўропе, што ў сваю чаргу было абумоўлена ростам цаны на зыравіну, - сказаў ён. - Цэны на ліпень на экспартуемае "Палімірам" валакно выраслі на 250 еўра за 1 т". На думку спецыяліста, спрыяльная кан'юнктура па акрылавым валакне ў бліжэйшыя месяцы захаваецца. Агульны аб'ём выпуску валакна ("Нітрон - С" і "Нітрон-Д") на заводзе "Палімір" складае каля 5 тыс.т у месяц. Каля 70% экспартуецца, у асноўным у Іран, Кітай, Турцыю. Наваполацкі завод "Палімір" заснаваны ў 1968 годзе, з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў у хімічнай прамысловасці Беларусі. Ён вырабляе поліэтылен высокага ціску, акрылавыя валакна, прадукты арганічнага сінтэзу і малатоннай хіміі, тэкстыльна-дапаможныя рэчывы, вуглевадародныя фракцыі і тавары народнага спажывання. Рашэннем сумеснага сходу акцыянераў у лістападзе 2008 года "Палімір" далучаны да ААТ "Нафтан".-0-