Паўнамоцтвы паміж НАН Беларусі і ДКНТ перазмеркаваны

7 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паўнамоцтвы паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі (НАН) і Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях (ГКНТ) размежаваны і пераразмеркаваны. Адпаведныя нормы змяшчаюцца ў падпісаным 4 жніўня дэкрэце №9 кіраўніка дзяржавы "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 сакавіка 2002 г. №7". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Да кампетэнцыі НАН Беларусі аднесены арганізацыя і каардынацыя ўсіх навуковых даследаванняў (за выключэннем навукова-тэхнічных праграм) незалежна ад ведамаснай прыналежнасці выканаўцаў, а таксама арганізацыя і правядзенне дзяржаўнай навуковай экспертызы. Паўнамоцтвамі па рэалізацыі гэтых функцый надзелены Прэзідыум НАН. Таксама яму перададзены функцыі міжведамаснага Савета па каардынацыі фундаментальных і прыкладных даследаванняў, які дзейнічаў раней пры Нацыянальнай акадэміі навук на грамадскіх пачатках. У якасці асноўнай функцыі ГКНТ вызначана правядзенне дзяржаўнай палітыкі ў інавацыйнай сферы, у межах рэалізацыі якой будзе весціся маніторынг сусветных вытворчых тэндэнцый і на падставе іх аналізу выпрацоўвацца матываваныя рэкамендацыі па пытаннях фарміравання інавацыйнай інфраструктуры і стварэння высокатэхналагічных вытворчасцей. Функцыя кантролю за ходам выканання навукова-тэхнічных праграм і асваеннем у вытворчасці вынікаў навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных работ захавана за ГКНТ. Прыняцце гэтага дэкрэта дазволіць аптымізаваць парадак кіравання навуковай сферай шляхам дакладнага размежавання паўнамоцтваў і адказнасці паміж НАН Беларусі і ГКНТ. Дэкрэт №9 уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.-0-