Полачанам прапануюць 7 лістапада пусціцца "У пагоню за здароўем!"
Акцыя "У пагоню за здароўем!", прысвечаная памяці трэнера-выкладчыка па лыжным спорце Станіслава Гарнастая, пройдзе ў Полацку 7 лістапада. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.
Арганізатары падкрэсліваюць, што ў прабежцы могуць прыняць удзел усе ахвотныя без абмежаванняў па ўзросце. Пачаткоўцам бегунам прапануюць выпрабаваць сябе на дыстанцыі ў 2,5 км, для аматараў бегу не стане праблемай адрэзак у 5 км, ну а прафесіяналам прапануюць пераадолець дыстанцыю ў 10 км. Па выніках масавай прабежкі плануецца падлічыць агульны кіламетраж, які адолелі ўдзельнікі акцыі.
Дыпломамі і памятнымі прызамі будуць узнагароджаны самы юны і самы ўзроставы бегуны, узнагароды атрымаюць самыя хуткія сярод аматараў і прафесіяналаў. Станіслаў Станіслававіч Гарнастай з 1982 года да апошняга дня жыцця (памёр у 2015 годзе) працаваў трэнерам-выкладчыкам у спецыялізаванай вучэбна-спартыўнай установе фізічнай культуры і спорту "Полацкая дзяржаўная дзіцяча-юнацкая школа". Выгадаваў цэлую пляяду спартсменаў, сярод якіх майстар спорту Беларусі - Марына Васільева, кандыдаты ў майстры спорту - Сяргей Пупышаў, Алена Кузняцова, Аляксандр Волкаў, Марына Салашенко, Яніна Яворская.
"Станіслаў Станіслававіч умеў перадаць любоў да спорту дзяўчатам і хлапчукам, запаліць у іх вачах агонь цікавасці да лыж. Быў вельмі добрым, чулым, працавітым чалавекам, які не проста займаўся, а жыў спортам. Усе лыжнікі Полацка і Полацкага раёна добра ведаюць трасу (тут і будзе праведзена акцыя), ля вытокаў стварэння якой стаяў Станіслаў Гарнастай", - падкрэслілі арганізатары, у ліку якіх сектар спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама, аддзел турызму, краязнаўства і экскурсій Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, клуб спартыўнага арыентавання "Эрыдан". Удзельнікаў акцыі чакаюць у 10.30 на пачатку вуліцы Валогіна ("Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі").
Алена Ціханава, БЕЛТА.