Полачане змогуць ездзіць на аздараўленне ў Грузію па льготных цэнах
Прывітаўшы дэлегацыю замежных гасцей, старшыня Полацкага райвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Шаўчук падкрэсліў, што ў Віцебскай вобласці і краіне ў цэлым надаецца вялікае значэнне развіццю партнёрства з гарадамі-пабрацімамі: народная дыпламатыя дапамагае ўстанаўліваць прамыя сувязі паміж суб'ектамі гаспадарання, умацоўваць добрасуседства і ўзаемаразуменне паміж людзьмі.
– Хто хоць раз пабываў у Грузіі, той палюбіць вашу краіну і яе жыхароў на ўсё жыццё, – сказаў Мікалай Мікалаевіч.
– Таксама цёпла мы ставімся да Беларусі, і для нас вялікі гонар — наведаць найстаражытнейшы горад вашай рэспублікі, – адзначыў кіраўнік Цхалтубскага муніцыпалітэта Канстанцін Мамісеішвілі.
Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж гарадамі быў падпісаны два гады таму падчас візіту полацкай дэлегацыі ў Цхалтуба. Цяпер адкрыта новая старонка ва ўмацаванні сяброўскіх кантактаў на бліжэйшыя два гады. Пагадненне прадугледжвае развіццё інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці, абмен вопытам паміж органамі мясцовага самакіравання і грамадскімі арганізацыямі, удзел у сумесным выстаўках і творчых праектах. Узаемаадносіны будуць развівацца ў сферах эканомікі і бізнесу, адукацыі, аховы здароўя, культуры, спорту, турызму.
Абмяняўшыся рукапацісканнямі і падарункамі, бакі дамовіліся напаўняць падпісаныя дакументы канкрэтнымі справамі. І яны ўжо ёсць. Так, творчая група з Цхалтуба прыняла ўдзел у III адкрытым конкурсе аматараў кіно «Я здымаю кіно» імя Юрыя Тарыча, дзе заваявала Гран-пры за лепшую рэжысёрскую працу ў намінацыі «Дакументальны фільм». За ўзнагародай аўтары прыехаць не змаглі, таму дыплом быў перададзены грузінскай дэлегацыі падчас афіцыйнага прыёму ў Полацкім райвыканкаме.
Цхалтубавядомы перш за ўсё як выдатны курорт. Летапісы распавядаюць, што ў ХII стагоддзі сюды ездзілі адпачываць цары і знаць. У ХIХ ст. мінеральная вада з мясцовых крыніц была прызнана ўнікальнай дзякуючы рэдкім спалучэнні соляў. У савецкі час атрымаць пуцёўку ў гэту ўсесаюзную здраўніцу лічылася вялікай удачай. Амаль трэць плошчы горада займае курортны парк, дзе расце больш за 100 відаў субтрапічных раслін. Лячэбным эфектам валодаюць таксама карставыя пячоры з асаблівым мікракліматам. Невыпадкова на сустрэчы размова зайшла аб магчымасцях аздараўлення жыхароў Полацка ў грузінскіх пабрацімаў. Тым, хто захоча прайсці лячэнне ў здраўніцах Цхалтубскага муніцыпалітэта, па словах Канстанціна Мамісеішвілі, будуць прадастаўляцца спецыяльныя льготы.
Для грузінскай дэлегацыі была падрыхтавана насычаная дзелавая і культурная праграма. Госці не толькі пазнаёміліся з славутасцямі Полацка, але і наведалі прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы рэгіёна. Акрамя таго, яны сустрэліся з суб'ектамі турыстычнай дзейнасці і прынялі ўдзел у канферэнцыі аб перспектывах супрацоўніцтва ў сферы эканомікі і бізнесу. Полачане сёння пастаўляюць у Грузію муку, сухое малако і масла, прадукцыю ААТ «Полацк-Шкловалакно». У развіцці канструктыўных дзелавых сувязяў зацікаўлены і многія суб'екты прыватнай формы ўласнасці. Партнёры адзначылі, што ім ёсць чаму павучыцца адзін у аднаго.
Ларыса МАЛАШЭНЯ, фота аўтара. «Віцебскія весці».