Полацк павінен захаваць свой асаблівы статус

На сесіях гарадскога і раённага Саветаў дэпутатаў прынята рашэнне аб дачы згоды на аб'яднанне Полацка і Полацкага раёна ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку з цэнтрам у Полацку.

Інфармацыю па гэтым актуальным для мясцовых жыхароў пытанні дэпутатам гарадскога Савета далажыў намеснік старшыні гарвыканкама Аляксандр Міхалевіч. Ён адзначыў, што раней у адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку аб'яднана 12 гарадоў і раёнаў Беларусі. Перадумовамі для пачатку гэтага працэсу на Полаччыне А. Міхалевіч назваў функцыянаванне адзіных службаў медыцыны, санітарыі і эпідэміялогіі, экалогіі, сувязі, ваеннага камісарыята, МНС, статыстыкі, дзяржстраху.

Аб'яднанне, па словах дакладчыка, дазволіць больш аператыўна, мэтанакіравана і ў комплексе вырашаць пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Палепшацца ўмовы дзейнасці суб'ектаў гаспадарання, кааперацыя розных структур. Акрамя таго, будуць аптымізаваны кіраўніцкія працэсы і скароцяцца выдаткі на ўтрыманне апарату. Рэалізацыя дадзенай прапановы не павінна пацягнуць змяненняў у фінансаванні бюджэту і якіх-небудзь адмоўных наступстваў для юрыдычных і фізічных асоб, уключаючы індывідуальных прадпрымальнікаў.

Улік меркавання грамадзян ажыццяўляўся з 1 па 31 кастрычніка пасля публікацыі адпаведнага звароту на мясцовых сайтах і ў аб'яднанай газеце «Полацкі веснік».
У Полацку, як адзначыў А. Міхалевіч, зборы прайшлі ў 131 працоўным калектыве, па дадзеным пытанні выказаліся 15017 чалавек. Аб'яднанне раёна і горада падтрымалі 79,4% ад колькасці грамадзян, якія прынялі ўдзел у вывучэнні меркавання. Супраць аб'яднання выказаліся 11,4%, не вызначыліся – 9,2%.

У Полацкім раёне ў абмеркаванні будучых перамен узялі ўдзел 7695 чалавек. З іх 99,8% падтрымалі аб'яднанне горада і раёна ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку.
Дэпутаты Аляксандр Гудкоў і Наталля Каранеўская, якія выступілі на сесіі, таксама выказаліся за аб'яднанне. Па словах А. Гудкова, галоўнага ўрача Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы, медыцынская служба працуе ў адзіным фармаце ўжо сем гадоў, і гэта плённа паўплывала на паляпшэнне паказчыкаў здароўя насельніцтва, зніжэнне смяротнасці, павелічэнне працягласці жыцця сельскага насельніцтва з 64 да 65,5 гадоў. Станоўчых вынікаў для функцыянавання сферы культуры чакае і дырэктар Полацкай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Н. Каранеўская.

Точку гледжання нязгодных з аб'яднаннем гараджан на сесіі выказаў дэпутат Ігар Сушчэвіч, дырэктар СТАА «Завод Нодвіг». Ён нагадаў пра асаблівую значнасць Полацка для ўсёй краіны як калыскі беларускай дзяржаўнасці, духоўнасці і культуры. Нельга дапусціць, каб нацыянальная жамчужына страціла свой бляск. Найбольшае развіццё, па словах І. Сушчэвіча, горад атрымліваў у той час, калі меў асобны статус. А ператварэнне яго ў звычайны райцэнтр будзе спрыяць правінцыйнасці і па сутнасці азначае ліквідацыю гарадскога самакіравання, якое ўмацоўвалася на працягу стагоддзяў.

Начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Уладзімір Севярын, які прыняў удзел у рабоце сесіі, запэўніў дэпутатаў, што ў новай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай структуры Полацк не страціцца і не стане заўрадным, яго імя застанецца нязменна паважаным. Пра гэта, па словах У. Севярына, сведчаць прынятыя дзяржаўныя праграмы і тая ўвага, якая ўдзяляецца гораду з боку абласных і рэспубліканскіх улад.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Гуйвік, вызваленая на сесіі ад паўнамоцтваў старшыні Полацкага гарадскога Савета, таксама выказала ўпэўненасць у тым, што статус гістарычнай сталіцы Беларусі не будзе заніжаны.
– Полацк заўсёды застанецца Полацкам, і разам мы дасягнём новых вышынь, – сказала Наталля Васільеўна і падзякавала калег за плённую сумесную працу. Яна паабяцала апраўдаць давер выбаршчыкаў і працаваць на карысць любімага горада, прыкладаць у новых умовах намаганні для прымнажэння дасягнутага.

Ларыса Малашэня, «НС».