Полацк і Наваполацк з часам стануць адной магутнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай - А.Пазняк

25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Полацк і Наваполацк з часам стануць адной магутнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай. Такое меркаванне выказаў старшыня Полацкага гарвыканкама Аляксандр Пазняк на online канферэнцыі на сайце Беларускага тэлеграфнага агенцтва. "Дадзенае пытанне датычыцца стратэгіі развіцця двух гарадоў, - сказаў Аляксандр Пазняк. - Полацку - 1150 гадоў, Наваполацку - 53 гады. Гэта дзве адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі, два гарады абласнога падпарадкавання, якія жывуць поўным жыццём. У Полацку пражываюць 85 тыс. чалавек, у Наваполацку налічваецца 105 тыс. жыхароў. Гарады літаральна глядзяць у вокны адзін аднаму - паміж імі 7 км. Гарады развіваюцца насустрач адзін аднаму, ідзе дастаткова інтэнсіўнае будаўніцтва". Разам з тым, лічыць мэр Полацка, яшчэ неабходны час, каб гарады падышлі да аб'яднання. "Мы праводзілі апытанне сярод палачан і навапалачан. Пакуль большасці меркаванняў на карысць аб'яднання няма, - сказаў старшыня Полацкага гарвыканкама. - Але дынаміка станоўчая, на мой погляд, у гэтым пытанні ёсць. Я думаю, прыйдзе час, калі два гарады стануць адной магутнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай".-0-