Полацк і Полацкі раён могуць аб'яднаць у адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку

3 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Полацкі гарвыканкам і Полацкі райвыканкам вывучаюць грамадскае меркаванне аб магчымым аб'яднанні ў адну адміністрацыйную адзінку горада і раёна. Паведамленне аб гэтым размешчана на афіцыйных сайтах выканкамаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Перадумовы для аб'яднання Полацкага раёна і Полацка склаліся на працягу апошніх гадоў у сувязі з удасканаленнем кіравання рознымі сферамі жыццезабеспячэння насельніцтва шляхам зліцця ў адну арганізацыю агульных для раёна і горада ўстаноў медыцынскага абслугоўвання, санітарна-эпідэміялагічнай службы, экалогіі, сувязі, ваенных камісарыятаў, рэгіянальных падраздзяленняў МНС, сказана ў звароце да грамадзян. Прапанаванае аб'яднанне, на думку мясцовых улад, дазволіць больш аператыўна, мэтанакіравана і ў комплексе вырашаць пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця горада і раёна. Палепшыцца каардынацыя дзеянняў розных структур. Канцэнтрацыя матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў дасць магчымасць больш эфектыўна вырашаць пытанні развіцця сяла, паляпшаць умовы дзейнасці суб'ектаў гаспадарання. Аб'яднанне падраздзяленняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі дазволіць мець на ўжо існуючай базе магутную структуру, якая абслугоўвае на высокім узроўні аб'екты ў аграгарадках, іншых сельскіх населеных пунктах, пашыраць пералік паслуг. Прапановы па ўдасканаленні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання на базавым узроўні падрыхтаваны з улікам прагнозу змянення колькасці насельніцтва, развіцця сістэмы яго рассялення, прыродаахоўных комплексаў, фарміравання сістэмы сацыяльнага абслугоўвання, гістарычных традыцый адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання вобласці. Як лічаць абодва выканаўчых камітэты, рэалізацыя дадзенай прапановы не пацягне змянення велічыні даходаў, расходаў і крыніц фінансавання, дэфіцыту бюджэту, якіх-небудзь адмоўных наступстваў у дачыненні да юрыдычных і фізічных асоб, уключаючы індывідуальных прадпрымальнікаў, і не паўплывае на ўмовы вядзення бізнесу. У адпаведнасці з артыкулам 17 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні Рэспублікі Беларусь" грамадзяне ў сферы адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання маюць права выказваць меркаванні па пытаннях адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання і ажыццяўляць іншыя правы, прадугледжаныя заканадаўствам. Меркаванні грамадзян па пытанні аб'яднання Полацкага раёна і Полацка ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку прымаюцца ў пісьмовай форме па адрасах выканкамаў, а таксама ў электроннай форме на адрасы афіцыйных сайтаў. Выканкамы маюць намер разглядаць прапановы грамадзян на працягу месяца - па 31 кастрычніка бягучага года. На працягу 2002-2007 гадоў у адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку былі аб'яднаны 12 гарадоў і раёнаў: Жлобінскі раён і Жлобін, Кобрынскі раён і Кобрын, Рэчыцкі раён і Рэчыца, Светлагорскі раён і Светлагорск, Слонімскі раён і Слонім, Лідскі раён і Ліда, Маладзечанскі раён і Маладзечна, Лепельскі раён і Лепель, Слуцкі раён і Слуцк, Барысаўскі раён і Барысаў, Салігорскі раён і Салігорск, Мазырскі раён і Мазыр.-0-