Полацк зьяўляецца адным з духоўных цэнтраў Сьвятой Русі – патрыярх Кірыл

27 верасня, Полацк /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл 26 верасня здзейсніў чын Узвіжання Крыжа ў Свята-Крыжаўзвіжанскім храме Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Патрыярхам быў узвіжаны адноўлены Крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай - нацыянальная святыня беларусаў. Працягваючы свой першасвяціцельскі візіт у Беларусь, напярэдадні Узвіжання Часнага і Жыццедайнага Крыжа Гасподняга - такім ёсць поўная назва свята, якое звычайна коратка называюць Узвіжаннем, - прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы прыбыў у Полацк. Па дарозе яго сустракалі дзясяткі тысяч вернікаў, а званы ўсіх пяці праваслаўных храмаў старажытнага горада разлівалі святочны звон над Заходняй Дзвіной. Разам з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі і архіепіскапамі Беларускай праваслаўнай царквы Яго Свяцейшасць правёў богаслужэнне. У час чыну Узвіжання Крыжа выява распяцця была вынесена на сярэдзіну храма, і Патрыярх, у адпаведнасці з кананамі, каб даць магчымасць усім сабраным на ўрачыстасць бачыць святыню, узняў Крыж, звяртаючы яго да ўсіх чатырох бакоў. Вернікі здзейснілі малітвы і пакланенне пакутам Госпада Ісуса Хрыста і ў всеце радавалася аб пладах пакут Хрыста: адкупленні чалавецтва ад першароднага граху і перамозе Збавіцеля над пеклам і смерцю. У сумеснай малітве прынялі ўдзел каля тысячы вернікаў - у храме і за яго межамі на тэрыторыі манастыра. Звяртаючыся да іх, Свяцейшы Уладыка сказаў, што ён з духоўным трэпетам ступіў на полацкую зямлю, на месца, дзе ступала святая прападобная Еўфрасінія Полацкая, на тое месца, дзе з глыбокай старажытнасці запалена лампада гарачай праваслаўнай веры. "Полацк не толькі адзін з найстаражытнейшых гарадоў, ён з'яўляецца адным з духоўных цэнтраў Святой Русі", - падкрэсліў Патрыярх. "Я рады памаліцца разам з вамі ля грабніцы святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай і працягнуць малітоўныя зносіны, умацоўваючы адзін аднаго і падтрымліваючы", - прызнаўся ён. Узвіжанне Часнага і Жыццедайнага Крыжа Гасподняга - з'яўляецца адным з двунадзесятых (гэта значыць адным з 12 найгалоўнейшых) святаў праваслаўнай царквы. Свята першапачаткова ўстаноўлена было ў памяць аб знаходжанні Крыжа Гасподняга ў 326 годзе роўнаапостальнай царыцай Аленай, маці першага хрысціянскага імператара Канстанціна Вялікага. З VII стагоддзя з гэтым днём стала злучацца ўспамін аб вяртанні Крыжа з Персіі грэчаскім імператарам Іракліем (у 620-я гады). Паколькі сіла Крыжа адкрылася ў перамогах дабраверных гасудароў над ворагамі і ў урачыстасці хрысціянства над язычніцтвам, то галоўным песнапеннем дня Узвіжання служыць малітва за народ хрысціянскі. Па традыцыі ў гэты дзень у святароў прынята надзяваць адзенне фіялетавага колеру, якое знамянуе найвышэйшую духоўнасць і крыжовы подзвіг Збавіцеля. -0-