Полацк можа далучыцца да еўрапейскага Пакта мэраў у верасні

15 красавіка, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Полацк можа далучыцца да еўрапейскага Пакта мэраў у верасні бягучага года. Аб гэтым паведаміў сёння на канферэнцыі "Энергаэфектыўнасць: еўрапейскі вопыт, супрацоўніцтва і перспектывы для Беларусі" дырэктар установы "Інтэракцыя" Іван Шчадрэнок, перадае карэспандэнт БЕЛТА. На канферэнцыі Іван Шчадрэнок прэзентаваў праект "SURE: Устойлівае развіццё энергетыкі ў гарадах рэгіёна ЕІДП - на шляху да Пакта мэраў". Праект ажыццяўляецца з пачатку 2010 года і разлічаны на 30 месяцаў. Яго бюджэт складае каля 800 тыс. еўра. Партнёрамі праекта з'яўляюцца адміністрацыя горада Фрыдрыхсхафен (вядучы партнёр, Германія), адміністрацыя горада Мурсія (Іспанія), Полацкі гарвыканкам (Беларусь), адміністрацыя горада Сале (Марока) і Міжземнаморская камісія Канферэнцыі марскіх перыферыйных рэгіёнаў (Францыя). Усяго ў праекце ўдзельнічае чатыры гарады. На фінансаванне праекта ў Полацку плануецца накіраваць 250-300 тыс. еўра. Пры гэтым з бюджэту горада будзе выдзелена толькі 20 тыс. еўра. Праект закліканы спрыяць супрацоўніцтву паміж Усходнім і Паўднёвым рэгіёнамі Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства, а таксама ўстойліваму энергетычнаму развіццю двух гарадоў (Полацка і Сале) шляхам іх далучэння да Пакта мэраў - папулярнай еўрапейскай ініцыятывы. Яе ўдзельнікі бяруць на сябе абавязацельствы па рэалізацыі стратэгіі ЕС, вядомай як "20-20-20". Мэта стратэгіі - дасягненне значных паляпшэнняў у сферы ўстойлівага энергетычнага развіцця да 2020 года: скарачэнне выкідаў вуглякіслага газу на 20%, павелічэнне долі выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі да 20% і павышэнне энергаэфектыўнасці на 20%. У цяперашні час іспанская арганізацыя, якая мае вопыт у гэтай сферы, распрацоўвае план устойлівага энергетычнага развіцця для Беларусі, ідуць перамовы па прыцягненні беларускага субпадрадчыка - інстытута энергетыкі НАН. План для Сале і Полацка плануецца падаць у Пакт мэраў у канцы бягучага года. Распрацоўка плана ўключае базавы аналіз выкідаў вуглякіслага газу ў горадзе, збор інфармацыі аб асноўных крыніцах энергіі і яе спажыўцах, аўдыт на 10 аб'ектах камунальнай уласнасці, вывучэнне магчымасцей па энергазберажэнні ў будынках муніцыпальнай і камунальнай уласнасці і магчымасцей па ўкараненні ў іх альтэрнатыўных крыніц энергіі. Пасля распрацоўкі плана ўстойлівага развіцця плануецца, што з праекта будзе прафінансавана адно пілотнае мерапрыемства гэтага плана. Ім стане ўкараненне энергазберагальных лямпаў на вуліцы Е.Полацкай у Полацку. На гэта будзе накіравана 40-50 тыс. еўра.-0-