Полацк можа стаць першым беларускім горадам, які далучыцца да еўрапейскай ініцыятывы па развіцці экалагічных спосабаў перамяшчэння
Падставай для гэтага стала нядаўняе падпісанне першым намеснікам старшыні райвыканкама Сяргеем Лейчанкам хартыі Еўрапейскага тыдня мабільнасці.
- Мы заўсёды гатовыя прыняць і развіваць на сваёй тэрыторыі перадавы вопыт краін свету, каб захаваць, памножыць і перадаць нашым нашчадкам усё самае лепшае, – выказаў агульную пазіцыю кіраўніцтва раёна Сяргей Лейчанка.
Ён падкрэсліў, што падпісаны дакумент дае магчымасць пазіцыянаваць Полацк не толькі як найстаражытнейшы цэнтр беларускай дзяржаўнасці, духоўнасці і культуры, але і горад перадавых рашэнняў, інавацыйных падыходаў да працэсаў сучаснага развіцця, дзе клапоцяцца пра бяспечнае і камфортнае жыццё грамадзян.
Полачане першымі ў Беларусі падпісалі Пагадненне мэраў, далучыўшыся да еўрапейскай ініцыятывы, накіраванай на паляпшэнне экалагічнай абстаноўкі. У бягучым годзе завершаны работы па рэалізацыі праекта, які садзейнічае зніжэнню шкодных выкідаў у атмасферу. Адным з самых значных мерапрыемстваў стала высадка больш за 5 тысяч саджанцаў, якія фільтруюць паветра.
Яшчэ адзін праект Еўрапейскага саюза «Ад энергаэфектыўнасці да гарадской мабільнасці», які рэалізуецца сумесна з фондам «Інтэракцыя», прадугледжвае стварэнне аптымальных умоў для перамяшчэння па населеным пункце ўсіх катэгорый грамадзян на ўсіх відах транспарту, у тым ліку экалагічна чыстых.
Мясцовыя ўлады, якія выканаюць умовы, агавораныя ў падпісаным дакуменце, атрымліваюць статус «залатых удзельнікаў» конкурсу на лепшы Еўрапейскі тыдзень мабільнасці. У яго рамках для палачан і гасцей горада з 16 па 22 верасня будуць праведзены дзясяткі цікавых мерапрыемстваў, якія адкрываюць новы погляд на вырашэнне транспартных праблем.
У прыватнасці, плануецца шмат увагі надаць падтрымцы веласіпеднага транспарту, які становіцца ўсё больш папулярным сярод палачан. Гэта даказаў і нядаўні велапрабег, арганізаваны з мэтай папулярызацыі здаровага ладу жыцця радыёстанцыяй «Еўропа Плюс Полацк» і кампаніяй «Саміт» на чале з яе дырэктарам Юрыем Петроўскім. Больш за тысячу чалавек выказалі жаданне пракаціцца ад плошчы Свабоды да маляўнічага берага возера Варонец, дзе адбыўся веламузычны пікнік з забавамі, конкурсамі і прызамі.
Прабег стаў адным з самых масавых у Беларусі. Калона, якая расцягнулася на некалькі кіламетраў, была небывалым для Полацка відовішчам, якое стараліся захаваць на фота і відэа жыхары і госці горада. Узроставы дыяпазон таксама ўражваў: самай маленькай дзяўчынцы, якую мама-веласіпедыстка пасадзіла ў спецыяльнае крэсла, ледзь споўніўся годзік, а найстарэйшыя ўдзельнікі размянялі сёмы дзясятак.
Такой колькасці аматараў гэтага экалагічнага віду транспарту ніхто не чакаў, але ўсё ж было вырашана прыняць усіх жадаючых без абмежаванняў. Правесці мерапрыемства найлепшым чынам дапамаглі шматлікія партнёры арганізатараў, а таксама члены супольнасці «Вела НаваПолацк», якія выступілі ў ролі дасведчаных настаўнікаў, якія дапамагаюць пачаткоўцам у цяжкіх сітуацыях.
I вынік апраўдаў спадзяванні: усе затраты былі шчодра кампенсаваны масай пазітыўных уражанняў. «Незабыўна, цудоўна, выдатна! Эмоцыі зашкальваюць, энергія проста хлешча. Велізарны дзякуй арганізатарам, спонсарам і валанцёрам. Праект паказаў, што жыхары нашай краіны здольныя на многае. Веласіпеды робяць людзей шчаслівымі і аб'ядноўваюць іх», - такімі захопленымі водгукамі дзяліліся ў сацыяльных сетках удзельнікі акцыі, перакананыя, што падобныя мерапрыемствы патрэбны Полацку і іх трэба праводзіць часцей.
Ларыса Малашэня, "Віцебскія весці"