Полацк афіцыйна стаў культурнай сталіцай Беларусі 2010 года

21 студзеня, Полацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Полацк афіцыйна стаў культурнай сталіцай Беларусі. Урачыстая цырымонія праходзіць цяпер у гарадскім Палацы культуры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дадзены старт важнай грамадска-культурнай акцыі, якая дае магчымасць дакрануцца да сваёй духоўнай спадчыны, сказаў міністр культуры Павел Латушка, уручаючы гораду спецыяльны дыплом. З мноства гарадоў Полацк выбраны таму, што тут асаблівае стаўленне да захавання гістарычных каштоўнасцей і прымнажэння духоўнай спадчыны.

Па словах Паўла Латушкі, статус "Культурная сталіца" мяркуе, што ў горадзе выступяць лепшыя творчыя калектывы краіны, адкрыюцца выставы, пройдуць фестывалі. Сярод іх ён назваў выступленні артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, Прэзідэнцкага аркэстра, аркэстра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, ансамбляў "Харошкі", "Песняры".

Міністэрства культуры выступіла з ініцыятывай правядзення акцыі "Культурная сталіца Беларусі" з мэтай актывізацыі супрацоўніцтва з мясцовымі органамі ўлады, далейшага развіцця і ўзбагачэння культурнага жыцця рэгіёнаў, актывізацыі мясцовых грамадскіх ініцыятыў па падтрымцы нацыянальнай культуры, прыцягнення ўвагі шырокай грамадскасці, турыстаў.

Цырымонію ўрачыстага адкрыцця акцыі "Культурная сталіца Беларусі" працягне выступленне Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі" ў Полацкім гарадскім Палацы культуры, ансамбля "Класік-Авангард" у Сафійскім саборы. У гарадской Мастацкай галерэі адкрыецца выстава літаграфій Напалеона Орды з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. Запланавана таксама перадача музеям горада мастацкіх твораў з фондаў Нацыянальнага мастацкага і Нацыянальнага гістарычнага музеяў.

На працягу года ў Полацку плануецца выстаўка карцін Івана Хруцкага, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння мастака, і экспазіцыя сучасных беларускіх мастакоў. Выстаўка кніг Францыска Скарыны з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пройдзе ў Музеі беларускага кнігадрукавання з нагоды 20-годдзя адкрыцця музея. Праграма "Шэдэўры опернага мастацтва ля сцен старажытнай Сафіі" прагучыць у выкананні салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Полацк стане пляцоўкай для канцэртных праграм міжнароднага фестывалю "Славянскі базар у Віцебску". У плане мерапрыемстваў – гастролі і канцэртныя выступленні вядучых творчых калектываў Беларусі, фестывалі, конкурсы, кінапрэм'еры. У канцы года ў Мінску адбудзецца прэзентацыя Полацка як культурнай сталіцы 2010 года.

Еўропа выбірае сваю культурную сталіцу з 1985 года. Першымі гэты статус атрымалі грэчаскія Афіны. З канца 90-х гадоў XX стагоддзя статус культурнай сталіцы атрымліваюць гарады Амерыкі і Блізкага Усходу. У 2010 годзе статус еўрапейскіх культурных сталіц атрымалі Печ (Венгрыя), Эсэн (Германія), Стамбул (Турцыя). -0-