Полацк, Ворша, Паставы і Глыбокае прадставяць Віцебскую вобласць на Дзень беларускага пісьменства

Полоцк, Орша, Поставы и Глубокое представят Витебскую область на Дне белорусской письменности

Полацк, Ворша, Паставы і Глыбокае прадставяць Віцебскую вобласць на свяце беларускага пісьменства ў Быхаве. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Ларыса Аленская.

"У рамках юбілейнага ХХ Дня беларускага пісьменства ў Быхаве пройдзе фестываль гарадоў-сталіц свята. Віцебская вобласць станавілася эпіцэнтрам урачыстасцей чатыры разы. І вось сёлета Полацк, Ворша, Паставы і Глыбокае прадставяць на свяце беларускага пісьменства сваю старажытную гісторыю, культурную спадчыну, асветніцкія традыцыі і дасягненні сённяшняга дня", - сказала намеснік начальніка ўпраўлення аблвыканкама.

Старажытны Полацк, які па праву быў першай сталіцай свята пісьменства ў 1994 годзе, прадставіць сваю багатую культурна-асветніцкую спадчыну. Цэнтральнае месца ў прэзентацыі зоймуць Ефрасіння Полацкая і Францыск Скарына. На свяце ў Быхаве будуць шырока прадстаўлены вытокі і традыцыі пісьменства Аршанскага рэгіёна, якія бяруць пачатак ад Спірыдона Сабаля і яго знакамітага "Буквара". Паставы прадставяць разнастайную палітру нацыянальных рамёстваў, а Глыбокае - тэатральныя традыцыі рэгіёна, аснову якім заклаў Ігнат Буйніцкі.

Ларыса Аленская падкрэсліла, што ў візітных картках рэгіёна гісторыя будзе цесна пераплецена з сучаснасцю. У Быхаў паедуць лепшыя творчыя калектывы і яркія прадстаўнікі пісьменніцкай грамадскасці. Віцебскую вобласць на свяце прадставяць каля 130 чалавек.

У Дзень пісьменства ўдзельнікі і госці змогуць азнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Па традыцыі на Дне беларускага пісьменства праходзіць узнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычная канферэнцыя і іншыя мерапрыемствы.

Алена Ціханава.