Полацк адзначыць Еўрапейскі тыдзень мабільнасці велафестывалём
Еўрапейскі тыдзень мабільнасці пройдзе ў Полацку з 16 па 22 верасня. Як паведамілі ў фондзе "Інтэракцыя", у горадзе ў гэтыя дні будзе арганізаваны сапраўдны велафестываль.
Самымі насычанымі днямі Еўрапейскага тыдня мабільнасці ў Полацку стануць выхадныя - 19 і 20 верасня. Мабільная субота пачнецца з прадстаўлення новай транспартнай стратэгіі Полацка (канцэпцый новых веладарожак, маршрутаў грамадскага транспарту, аўтадарог). Адразу ж пасля прэзентацыі ў палачан будзе магчымасць пагутарыць з экспертамі, каб разам знайсці рашэнні задач па паляпшэнні транспартнай сітуацыі ў горадзе. У гэты ж дзень гараджане змогуць паспаборнічаць у велаконкурсах на хуткасць і спрыт, навучыцца спраўляцца з няспраўнасцямі свайго транспарту дзякуючы спецыяльным майстар-класе, наведаць фотавыставу на веласіпедную тэматыку. А для дзяцей будзе арганізавана дзіцячая майстэрня, дзе дзеці будуць рабіць ровары з кардону. Кульмінацыяй дня стануць велакарнавал для самых прыбраных веласіпедыстаў і выступленне сталічных BMX-райдараў, якія да таго ж будуць навучаць велатрукам усіх жадаючых. У экстрэмальнай зоне можна будзе таксама пратэставаць лонгборды і балансборды.
Усе падзеі мабільнай суботы пройдуць з 11.30 да 17.00 на плошчы Свабоды.
На наступны дзень, 20 верасня, палачан чакае велаквест і велаэкскурсія па Полацку, а таксама велагонка ў самым цэнтры горада. "Па-свойму цікавы будзе кожны з дзён гэтага тыдня, не толькі выхадныя. Напрыклад, у чацвер, 17 верасня, вучні школы №6 і іх бацькі здзейсняць сумесную велапаездку на заняткі. А вось у панядзелак, 21 верасня, на летняй тэрасе аднаго з полацкіх кафэ пройдзе кінапаказ пад адкрытым небам. Тэма паказу - гарадское жыццё. Фіналам Еўрапейскага тыдня мабільнасці стане дзень без аўтамабіля. Ён праходзіць ва ўсім свеце 22 верасня, у Полацку і Наваполацку менавіта ў гэты дзень некаторыя велапракаты будуць прадастаўляць зніжку для аўтамабілістаў", - распавёў кіраўнік праекта па распрацоўцы плана ўстойлівай гарадской мабільнасці для Полацка Антон Родненкаў.
Названы праект рэалізуецца з 2014 года пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза. Ён прадугледжвае стварэнне доўгатэрміновай стратэгіі экалагічнага транспартнага развіцця Полацка з улікам інтарэсаў усіх палачан: пешаходаў і кіроўцаў, пасажыраў і веласіпедыстаў. "Такая стратэгія павінна дапамагчы Полацку не толькі паменшыць колькасць коркаў і зрабіць перамяшчэнне па горадзе больш камфортным, але і істотна знізіць выкіды шкодных рэчываў у гарадскую атмасферу", - адзначылі ў фондзе "Інтэракцыя".
Рэалізуюць праект Полацкі раённы выканаўчы камітэт і фонд "Інтэракцыя". Яны ж з'яўляюцца арганізатарамі Еўрапейскага тыдня мабільнасці ў Полацку. Партнёрамі акцыі выступілі прадстаўнікі полацкага і наваполацкага велабізнесу і сродкі масавай інфармацыі.
У Еўрапейскім тыдні мабільнасці ўдзельнічаюць сотні гарадоў, якія імкнуцца развіваць веладарожкі і паляпшаць працу грамадскага транспарту, каб знізіць аб'ём аўтамабільных выкідаў у атмасферу. Полацк першым у Беларусі афіцыйна далучыўся да акцыі і трапіў у кампанію да Будапешта, Вены, Лондана, Мадрыда, Стакгольма, Масквы і інш.
Алена Ціханава, БЕЛТА.