Полацк далучыцца да дабрачыннага марафону «Усе фарбы жыцця для цябе» з удзелам беларускіх зорак

Дабрачынны марафон «Усе фарбы жыцця для цябе» з удзелам зорак беларускай эстрады пройдзе 6 снежня а 18.00 на базе Цэнтра культуры «Полацк». Сабраныя падчас мерапрыемства сродкі будуць накіраваны на лячэнне двух хлопчыкаў з Полацка.

У шасцімесячным узросце Багдану Шэляпнёву выдалілі абодва хрусталікі. З таго часу ён носіць акуляры, але вастрыня зроку, якую яны даюць, складае ўсяго 8% са 100. Каб выправіць становішча і хлопчык мог пайсці ў звычайную школу, яму неабходна зрабіць аперацыю ў ізраільскай клініцы Мiгдаль.

Для 17-гадовага Максіма Краўчанкі трагічнай стала адна з футбольных гульняў. 13 мая 2018 года хлопец перанёс стан клінічнай смерці, яму пастаўлены дыягназ «Постгіпаксічная энцэфалапатыя». Максіму трэба будзе бясплатная аперацыя на сэрцы, але шэраг рэабілітацыйных працэдур бабуля, якая цяпер выхоўвае унука адна, асіліць не зможа.

Перад стартам праграмы будуць працаваць дабрачынны кірмаш і фотазона. У гэты вечар кожны зможа напісаць свае пажаданні для хлопчыкаў на паштоўцы ў выглядзе сэрца.

Арганізатары марафону – ГА «БРСМ».

«Віцебскія весці».