Полацк прыступіў да рэалізацыі Канцэпцыі развіцця інфраструктуры гістарычных раёнаў

25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэалізацыя Канцэпцыі развіцця інфраструктуры гістарычных раёнаў Полацка ўжо пачалася. Пра гэта паведаміў сёння падчас online канферэнцыі на сайце БЕЛТА старшыня Полацкага гарвыканкама Аляксандр Пазняк. Паводле яго слоў, праведзены перамовы і дасягнута дамоўленасць з інвестарамі аб будаўніцтве некаторых аб'ектаў у раёне Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Пачаты работы па расчыстцы рэчышча ракі Полата. "Канцэпцыя развіцця інфраструктуры гістарычных раёнаў Полацка на аснове ўстояных традыцый і ў адпаведнасці з функцыянальным гістарычным прызначэннем прадугледжвае развіццё трох асноўных напрамкаў турызму: Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр з прылеглай тэрыторыяй – для паломніцкага турызму; парк культуры і адпачынку на левым беразе ракі Заходняя Дзвіна – для забаўляльнага турызму; раён Верхняга замка і Сафійскі сабор – для гістарычнага турызму", – сказаў Аляксандр Пазняк. У прыватнасці, у раёне Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра прадугледжваецца добраўпарадкаваць пустыя тэрыторыі, якія прылягаюць да манастыра, аб'ектамі турыстычнай інфраструктуры. На тэрыторыі 30,2 га плануецца будаўніцтва і рэканструкцыя гасцінічнага комплексу, гандлёвых радоў з сувенірнай прадукцыяй, рамесных майстэрняў, гандлёва-выставачнага комплексу, духоўна-асветніцкага цэнтра, турыстычнага агенцтва. Сафійскі сабор знаходзіцца на тэрыторыі Верхняга замка. Па сутнасці, гэта археалагічны, адміністрацыйна-духоўны і свецкі цэнтр горада агульнай плошчай каля 9 га. Ансамблевая забудова тэрыторыі Верхняга замка прадугледжвае комплексны падыход – рэстаўрацыю існуючых і аднаўленне страчаных будынкаў, уключаючы археалагічныя даследаванні. Тут прадугледжана размяшчэнне аб'ектаў грамадскага харчавання, гандлю, бытавога абслугоўвання, месцы пражывання для турыстаў, музеефікацыя помнікаў археалогіі. "Канцэпцыяй прадугледжана стварэнне сістэмы сажалак, якія існавалі пры манастыры, а таксама расчыстка рэчышча ракі Полата, – адзначыў мэр горада. – Гэта дазволіць арганізаваць водныя турыстычныя маршруты, якія будуць звязваць два ўнікальныя гістарычныя аб'екты: Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр і Сафійскі сабор". Аляксандр Пазняк упэўнены, што ўвасабленне гэтай канцэпцыі дазволіць Полацку стаць найбуйнейшым турыстычным цэнтрам, своеасаблівай візітнай карткай Беларусі. Фінансаванне рэалізацыі канцэпцыі, а гэта больш за Br2 трлн. у бягучых цэнах, будзе ажыццяўляцца ў асноўным за кошт пазабюджэтных крыніц. Асноўныя работы плануецца завяршыць да канца 2015 года. Канцэпцыя развіцця інфраструктуры гістарычных раёнаў Полацка адобрана Прэзідэнтам Беларусі.-0-