Полацк прыцягвае турыстаў з дапамогай міжнародных праектаў і іншых навацый турбізнесу
Аб'яднаць культурную прастору Беларусі, Літвы і Латвіі дазваляе рэалізацыя праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі.
Цэнтр, дзе заўсёды дапамогуць
У тым, што Полацк з'яўляецца турыстычным брэндам Віцебшчыны, сумнявацца не даводзіцца. Штогод найстаражытнейшы горад Беларусі наведвае мноства жыхароў нашай краіны, а таксама гасцей з блізкага і далёкага замежжа. Яшчэ пяць гадоў таму для таго, каб дапамагчы прыезджым арыентавацца ў маршрутах і прапанаваных паслугах, у рамках праектаў «Бела Дзвіна» і «Садзейнічанне развіццю турызму ў памежных рэгіёнах Латгаліі, Уцены і Віцебска» («Бела Дзвіна 2») пры дапамозе сродкаў Еўрасаюза быў створаны Полацкі турысцка-інфармацыйны цэнтр.
— Сёння любы турыст, беларускі ці замежны, можа прыйсці сюды і атрымаць звесткі пра горад і раён, Віцебскую вобласць і Беларусь у цэлым, — расказаў навуковы супрацоўнік Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Ігар Загрэкаў. — У турцэнтры маюцца карты і брашуры, інфармацыя пра маршруты і славутасці. Нам ёсць што прапанаваць па самых розных напрамках, няхай гэта будзе экалагічны, рэлігійны ці агратурызм.
Калі прыезджых у першую чаргу цікавіць Полацк, то інструктар-метадыст дапамагае распрацаваць маршрут перамяшчэння па населеным пункце. Каб госці не згубіліся на незнаёмых вуліцах, у горадзе ў адпаведнасці з Планам рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Бела Дзвіна 2» была створана сістэма ўказальнікаў напрамку руху турыстаў, якія падказваюць дарогу да музеяў і вядомых помнікаў.
Пакаштаваць краіну на смак
Тое, што ў нас апошнім часам робіцца ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва ў турыстычнай сферы, дазваляе як Полацку, так і ўсёй Віцебшчыне папулярызаваць уласныя паслугі, а таксама больш даведвацца пра магчымасці суседзяў. І калі раней узаемадзеянне датычылася ў асноўным аздараўленчага турызму, то паступова яно стала выходзіць на новы ўзровень.
Так, у 2013-2014 гадах быў рэалізаваны праект «Паляпшэнне кулінарнага сэрвісу ў Латгальскім і Віцебскім рэгіёнах, грунтуючыся на канцэпцыі кулінарнай спадчыны» («Bella Cuisine»). Вынікам стала распрацоўка шасцідзённага маршруту, які прапануе не толькі ацаніць славутасці прыгранічных тэрыторый, але і, так бы мовіць, пакаштаваць краіну на смак. Цяпер гурманы могуць даведацца, чым гатовыя парадаваць гасцей Полацкі, Верхнядзвінскі, Лепельскі, Глыбоцкі і Мёрскі раёны, а таксама чатыры краёў Латгальскага рэгіёну Латвіі. Акрамя аграсядзіб, гасцінічных комплексаў, кафэ, баз адпачынку, сялянскіх гаспадарак, у маршрут уключаны рамесныя цэнтры, музей хлеба, клубы нацыянальнай кухні і вытворцы ўсялякай ядомай прадукцыі.
Турыстычны маркетынг
Развіваць трансгранічны турызм, уцягваючы ў яго арбіту ў тым ліку Полацк, закліканы і яшчэ адзін міжнародны праект — «Музейныя брамы». У межах гэтай ініцыятывы праводзіліся сустрэчы музейных работнікаў Полацка, горада Уцяна (Літва) і Латгальскага рэгіёну Латвіі.
Важнай часткай праекта, падкрэсліла намеснік дырэктара Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Таццяна Явіч, было правядзенне семінараў. Тыя, якія арганізавалі ў Літве, прысвяцілі развіццю творчага мыслення музейных супрацоўнікаў. Калегі з Латвіі выбралі тэму маркетынгу турыстычнага прадукту, разглядалі рычагі, якія можна выкарыстоўваць для прасоўвання такіх паслуг. А полачане арганізавалі заняткі па павышэнні прафесійнага ўзроўню экскурсавода.
У межах праекта таксама вырашалася пытанне ўдасканалення музейнай інфраструктуры, у тым ліку шляхам выкарыстання ў рабоце сучасных тэхнічных сродкаў. За кошт міжнароднай дапамогі былі набыты камп'ютарнае абсталяванне для навуковых супрацоўнікаў і тэхніка для прэзентацый. Два відэапраектары знаходзяцца ў Дзіцячым і краязнаўчым музеях.
Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік атрымаў таксама 20 аўдыёгід, якімі турысты могуць скарыстацца ў Музеі гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора. Акрамя таго, у Полацку ўстаноўлена пяць інфакіёскаў. Супрацоўнікі навукова-інфармацыйнага аддзела падрыхтавалі і загрузілі туды матэрыялы, якія тычацца ўсіх устаноў запаведніка, на рускай і беларускай мовах. Па словах Таццяны Явіч, цяпер вядзецца праца па іх перакладзе на англійскую мову, каб карыстацца імі змагло больш наведвальнікаў.
— Яшчэ адна мэта праекта — распрацоўка адзінага трансгранічнага музейнага маршруту. Ён будзе ўключаць у сябе музеі Уцяны, Латгаліі і Полацка, — патлумачыла Таццяна Уладзіміраўна. — Для рэкламы гэтага маршруту, яго асвятлення падрыхтавана да друку выданне на шасці мовах: рускай, беларускай, англійскай, латышскай, літоўскай і нямецкай. Яно ўбачыць свет ужо ў красавіку. Таксама для таго, каб прыцягнуць турыстаў і спрасціць наведванне музеяў трох краін, плануецца выпусціць абмежаванай партыяй спецыяльныя адзіныя ўваходныя білеты. Яны дадуць права наведаць усе музеі-партнёры праекта — і ў Полацку, і за мяжой. Цяпер распрацоўваецца палажэнне, якое вызначае, хто зможа стаць уладальнікам такога білета.
Акрамя таго, у планах — прома-тур для туроператараў. Ён павінен адбыцца ў маі бягучага года. А ў выніку рэалізацыя праекта «Музейныя вароты» павінна прывесці да збліжэння прыгранічных рэгіёнаў, цеснаму ўзаемадзеянню ў сферы турызму і стварэнню адзінай культурнай прасторы.
Лія Іўчанка, "Віцебскія весці"