Полацк прызнаны горадам, дружалюбным да дзяцей
Полацку прысвоен статус "Горад, дружалюбны дзецям". Такое рашэнне было прынята сёння на пасяджэнні Каардынацыйнага савета па рэалізацыі аднайменнай міжнароднай ініцыятывы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Полацкім райвыканкаме.
Полацк стаў шостым горадам Беларусі, які атрымаў гэты статус. У прыняцці рашэння ўдзельнічалі прадстаўнікі розных міністэрстваў Беларусі і дэпутацкага корпуса, а таксама сістэмы аховы здароўя, пазашкольнай працы, грамадскіх аб'яднанняў і ЮНІСЕФ у Беларусі. Урачыстае ўручэнне сертыфіката запланавана на 13 лістапада, калі ў Полацку пройдзе моладзевы форум у фармаце 3D "Рабім добрыя справы".
У 2012 годзе Полацк стаў удзельнікам глабальнай ініцыятывы ЮНІСЕФ "Горад, дружалюбны дзецям". Было праведзена даследаванне становішча маленькіх жыхароў на аснове разліку індэкса дружалюбнасці горада дзецям і ўзгадненне прыярытэтаў развіцця горада ў інтарэсах дзяцей. Пры гэтым улічваліся сем асноўных параметраў: удзел дзяцей у грамадскім жыцці і прыняцці рашэнняў; жылое асяроддзе; бяспека ў горадзе; ахова здароўя і здаровы лад жыцця; адукацыя і развіццё; вольны час і культура; дапамога ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Паказчык індэкса дружалюбнасці дзецям Полацка па ўсіх суб'ектыўных і аб'ектыўных параметрах аказаўся дастатковым для прысваення яму адпаведнага статусу. Дакументальна пацверджана, што горад выконвае асноўную частку запланаваных мерапрыемстваў праграмы. Лепшыя паказчыкі дасягнуты па параметрах "Адукацыя і развіццё", "Бяспека дзяцей у горадзе", "Ахова здароўя і здаровы лад жыцця".
Пры гэтым праца па ўдасканаленні ўмоў для паўнавартаснага жыцця дзяцей у Полацку працягваецца. У бліжэйшы час трэба будзе пабудаваць дзіцячы сад у раёне Аэрапорт, Палац гульнявых відаў спорту, стварыць спартыўныя пляцоўкі на дваровых тэрыторыях, абсталяваць картадром побач з СШ №18 імя Еўфрасінні Полацкай, адкрыць пасля капітальнага рамонту гарадскі Палац культуры і многае іншае.
Пакуль жа ўдзельнікі пасяджэння Каардынацыйнага савета наведалі некалькі сацыякультурных аб'ектаў, у якіх створана сучасная база для ўсебаковага развіцця падрастаючага пакалення: гімназію №1 імя Францыска Скарыны, дзіцячую паліклініку ДУЗ "Полацкая гарадская цэнтральная бальніца", Віцебскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па веславанні і іншыя аб'екты.
Праект "Гарады, дружалюбныя дзецям" з'явіўся ў Еўропе ў сярэдзіне 90-х гадоў XX стагоддзя. У яго аснове закладзена імкненне абараніць дзяцей ад небяспек: сямейнага гвалту, экалагічнай нестабільнасці, сацыяльнай ізаляцыі, уцягвання ў крымінальнае жыццё. Сёння праграму рэалізуюць каля 900 гарадоў па ўсім свеце, сярод іх Масква, Санкт-Пецярбург, Вільнюс, Мюнхен, Лондан. У Беларусі ініцыятыва рэалізуецца з 2006 года, да яе далучыліся 22 горада, а гарадамі, дружалюбнымі дзецям, акрамя Полацка ўжо названы Наваполацк, Пінск, Брэст, Жодзіна, Пружаны.
Кацярына Князева