Полацк распрацоўвае турыстычны брэнд, а Наваполацк рыхтуе эмблему свайго 55-годдзя

Полоцк разрабатывает туристический бренд, а Новополоцк готовит эмблему своего 55-летия

Полацк распрацоўвае турыстычны брэнд, а Наваполацк рыхтуе эмблему свайго 55-годдзя, распавялі карэспандэнту БЕЛТА ў выканаўчых камітэтах двух гарадоў-суседзяў.

Начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Полацкага гарвыканкама Станіслаў Красоўскі паведаміў, што ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь на 2011-2015 гады гарвыканкам аб'явіў адкрыты конкурс на стварэнне турыстычнага брэнда старажытнага горада. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца як прафесійныя дызайнеры, так і аматары, гэта могуць быць кампаніі, а таксама прыватныя асобы. Галоўная ўмова, каб брэнд выклікаў пазітыўныя эмоцыі, адлюстроўваў гістарычныя, культурныя ці прыродныя славутасці Полацка і быў зручным для вырабу і тыражавання. Разам з графічным знакам арганізатары конкурсу прапануюць распрацаваць і лозунг Полацка.

Эскізы будуць прымацца да 31 сакавіка. У красавіку пройдзе грамадскае абмеркаванне, аднак канчатковы вердыкт вынесе кампетэнтнае журы, у склад якога ўвойдуць спецыялісты па турызме, гісторыкі, дзеячы культуры, маркетынгісты. Арганізатары спадзяюцца, што ў канцы мая, калі па традыцыі адзначаецца дзень горада, абраны брэнд будзе прадстаўлены шырокай публіцы. Яго аўтар атрымае грашовы прыз, з ім будзе заключаны дагавор на выкарыстанне твора. Акрамя таго, Станіслаў Красоўскі не выключыў таго, што гарвыканкам працягне супрацоўніцтва з аўтарам па далейшай распрацоўцы іміджавага стылю Полацка.

Па дадзеных аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Полацкага гарвыканкама, у 2012 годзе экспарт турыстычных паслуг склаў $420 тыс., горад наведалі каля 300 тыс. турыстаў.

Малодшы брат Полацка - Наваполацк цяпер заняты распрацоўкай эмблемы да маючага адбыцца 55-годдзя. Як паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы Наваполацкага гарвыканкама, на спецыяльным пасяджэнні мастацкага савета прайшло абмеркаванне прадстаўленых эскізаў. Графічны знак будзе дапрацоўвацца, а вось лозунг для эмблемы навапалачане ўжо выбралі: "Ганарымся мінулым, будуем будучыню". Магчыма, менавіта гэтыя лозунг і эмблема будуць таксама разглядацца як турыстычны брэнд Наваполацка.