Полацк стварае інавацыйны план энергетычнага развіцця

3 жніўня, Полацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Эксперты з іспанскай кампаніі "Біёнет" і Інстытута энергетыкі НАН Беларусі сёння прадставілі полацкім спецыялістам першую рабочую версію Плана ўстойлівага энергетычнага развіцця Полацка ў рамках еўрапейскага праекта SURE, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў на адкрыцці рабочай сустрэчы старшыня Полацкага гарвыканкама Аляксандр Пазняк, рэалізацыя плана ўстойлівага энергетычнага развіцця важная і неабходная для горада. "Інвестыцыі ў інавацыйнае энергазберажэнне стануць імпульсам для развіцця Полацка і прынясуць карысць яго жыхарам", - перакананы ён.

Іспанскія спецыялісты кампаніі "Біёнет" на падставе аналізу бягучай сітуацыі ў галіне спажывання энергурэсурсаў і энергазберажэння і вынікаў энергааўдыту 10 аб'ектаў Полацка, праведзеных спецыялістамі Інстытута энергетыкі НАН, прапанавалі гораду план па скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу на 20% да 2020 года шляхам рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на скарачэнне спажывання і стымуляванне выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі на тэрыторыі горада. У прыватнасці, энергазберагальныя мерапрыемствы прапанавана правесці ў камунальных і жылых будынках, у сістэме гарадскога асвятлення, у гарадскім і прыватным аўтатранспарце, на прадпрыемствах ЖКГ. Акрамя таго, эксперты прапанавалі шырэй выкарыстоўваць мясцовыя і аднаўляльныя крыніцы энергіі для вытворчасці электрычнасці.

Так, фотаэлектрычная ўстаноўка, якую эксперты прапануюць змантаваць у вытворчым будынку аўтабазы, зэканоміць у год 10,2 МВт/г пры зніжэнні выкідаў вуглякіслага газу 4,63 т у год. Размяшчэнне ўстаноўкі па вытворчасці біямасы з гранульным катлом у бібліятэцы дасць эканомію электраэнергіі каля 130 МВт/г у год і зніжэнне выкідаў 26,4 т СО2.

Як патлумачыў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар установы "Інтэракцыя", эксперт-сакратар праекта "Устойлівае развіццё энергетыкі ў гарадах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства - на шляху да Пакта мэраў" Іван Шчадрэнок, канчатковы план устойлівага развіцця энергетыкі Полацка будзе прадстаўлены ў кастрычніку-лістападзе. Да канца года яго плануецца зацвердзіць на сесіі гарадскога Савета дэпутатаў і прыступіць да рэалізацыі пілотнага праекта, які будзе рэкамендаваны экспертамі.

Распрацоўка і рэалізацыя Плана ўстойлівага энергетычнага развіцця з'яўляецца абавязковай умовай для ўступлення Полацка ў Пакт мэраў - еўрапейскую сетку гарадоў, якія абавязваюцца істотна зменшыць выкіды парніковых газаў да 2020 года. Полацк плануе ўступіць у Пакт мэраў у верасні бягучага года і такім чынам стане першым беларускім удзельнікам гэтай еўрапейскай ініцыятывы.

У рабочай сустрэчы прымаюць удзел спецыялісты Полацка і Віцебскай вобласці, якія займаюцца пытаннямі энергетыкі ў горадзе, эксперты праекта SURE з Беларусі, Германіі і Іспаніі, а таксама супрацоўнікі Інстытута энергетыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Удзельнікі рабочай сустрэчы абмяркоўваюць прапановы беларускіх і іспанскіх экспертаў адносна пілотнага праекта па энергазберажэнні, на рэалізацыю якога з бюджэту праекта SURE будзе выдзелена каля 40 тыс. еўра.

Праект "SURE: Устойлівае развіццё энергетыкі ў гарадах рэгіёна Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства - на шляху да Пакта мэраў" рэалізуецца па праграме ЕС CIUDAD. Праект разлічаны на 30 месяцаў, а яго бюджэт складае каля 790 тыс. еўра. Праект закліканы спрыяць устойліваму развіццю энергетыкі ў двух гарадах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства - Полацку і Сале (Марока) - шляхам іх далучэння да Пакта мэраў і прыняцця на сябе абавязацельстваў па рэалізацыі стратэгіі ЕС, вядомай як "20-20-20". Мэта стратэгіі - скарачэнне выкідаў вуглякіслага газу на 20%, павелічэнне долі выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі да 20% і павышэнне энергаэфектыўнасці на 20% да 2020 года. Партнёрамі праекта з'яўляюцца адміністрацыі гарадоў Фрыдрыхсхафен (вядучы партнёр, Германія), Мурсія (Іспанія), Сале (Марока), Полацкі гарадскі выканаўчы камітэт (Беларусь) і Міжземнаморская камісія Канферэнцыі марскіх перыферыйных рэгіёнаў (Францыя).-0-