Полацк стаў членам Ганзейскага саюза Новага часу

22 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Полацк стаў членам Ганзейскага саюза Новага часу. Рашэнне аб гэтым прынята на агульным сходзе дэлегатаў ганзейскіх гарадоў, які прайшоў у Вялікім Ноўгарадзе на XXIX Ганзейскіх днях Новага часу, паведаміў сёння карэспандэнту БЕЛТА старшыня Полацкага гарвыканкама Уладзімір Тачыла. Нароўні з Полацкам новымі членамі сучаснага Ганзейскага саюза сталі нідэрландскі горад Гронінген і ісландскі Стыкісхоўльмур. Ганзейскі саюз Новага часу быў узнаўлены ў 1980 годзе. У яго склад могуць уваходзіць толькі гарады, якія з'яўляліся членамі гэтага саюза ў сярэднія вякі або мелі трывалыя сувязі з Ганзай. Па словах Уладзіміра Тачылы, удзел у гэтым міжнародным праекце, які аб'ядноўвае 173 гарады, будзе спрыяць росту прэстыжу Полацка ў еўрапейскай прасторы і наладжванню міжнародных сувязей як у сферы турызму, так і ў бізнесе. Старшыня гарвыканкама не выключыў магчымасці ўдзелу Полацка ў ганзейскіх праектах. Да таго ж ганзетаг - сход мэраў гарадоў-членаў Ганзейскага саюза адыгрывае немалаважную ролю ў агульнаеўрапейскай эканоміцы, дадаў ён. Ганзейскі саюз быў створаны нямецкімі купцамі ў XIII стагоддзі і нямала спрыяў развіццю гандлёвых адносін у Паўночнай Еўропе. Саюз дзейнічаў па няпісаных законах аж да XVIII стагоддзя і аб'ядноўваў больш за 200 гарадоў у басейнах Паўночнага і Балтыйскага мораў. У Полацку знаходзілася адно з бюро Ганзейскага саюза, што пацверджана дакументальна. У склад Ганзейскага саюза Новага часу ўваходзяць буйныя і малыя гарады 15 еўрапейскіх дзяржаў. Расія прадстаўлена 12 гарадамі. -0-