Полацк стаў першым райцэнтрам у вобласці, дзе адкрыўся кабінет дыябетычнай ступні
Спецыялізаваны кабінет для лячэння пацыентаў з сіндромам дыябетычнай ступні створаны на базе гарадской паліклінікі. Ён абсталяваны сучасным дыягнастычным абсталяваннем, што дазволіць ажыццяўляць якасную прафілактыку ўскладненняў з боку сардэчна-сасудзістай сістэмы і папярэджваць ампутацыі ніжніх канечнасцей у пацыентаў-дыябетыкаў.
Акрамя таго, прадугледжваецца, што з дапамогай мэтанакіраванай каардынацыі працы ўчастковых тэрапеўтаў, эндакрынолагаў, хірургаў і іншых спецыялістаў можна будзе яшчэ на ранніх стадыях захворвання падабраць для кожнага пацыента індывідуальную сістэму прафілактыкі.
Дадзены праект ажыццяўляецца ў рамках рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі на 2011–2015 гг. і павінен спрыяць зніжэнню інвалідызацыі насельніцтва полацкага рэгіёну. На сённяшні дзень у раёне стаяць на ўліку 3014 пацыентаў, якія пакутуюць цукровым дыябетам, з іх каля 18 % выяўленых хворых маюць паражэнні ніжніх канечнасцей.
Наталля Рыжкова, "Віцебскія весці"