Полацк стане ўдзельнікам новага праекта ЕС па ўстойлівым развіцці энергетыкі

18 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло — БЕЛТА/. Міжнародная стартавая канферэнцыя праекта Еўрапейскага саюза "SURE: Устойлівае развіццё энергетыкі ў гарадах рэгіёна Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства — на шляху да "Пакта мэраў" адкрываецца сёння ў Полацку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім гарвыканкаме. Праект рэалізуецца па праграме ЕС "CIUDAD: Супрацоўніцтва і дыялог у сферы гарадскога развіцця" і аб'ядноўвае шэсць партнёраў з пяці краін: Германіі, Іспаніі, Беларусі, Марока і Францыі. Праект SURE разлічаны на 2,5 года, яго бюджэт складае каля 620 тыс. еўра. Вядучым партнёрам праекта выступае нямецкі горад Фрыдрыхсхафен — пабрацім Полацка. Новая ініцыятыва заклікана спрыяць устойліваму энергетычнаму развіццю двух гарадоў — Полацка і Сале (Марока) шляхам іх далучэння да Пакта мэраў. Гарады, якія ўступаюць у Пакт мэраў, бяруць на сябе абавязацельствы па рэалізацыі стратэгіі ЕС, вядомай як "20-20-20". Мэта гэтай стратэгіі — дасягнуць значных паляпшэнняў у сферы ўстойлівага энергетычнага развіцця да 2020 года: скараціць выкіды вуглякіслага газу на 20%, павялічыць долю выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі да 20% і павысіць энергаэфектыўнасць на 20%. На дадзены моманг пад тэкстам Пакта мэраў паставілі подпісы кіраўнікі 2181 горада Еўропы і краін — суседзяў ЕС. Плануецца, што горад Полацк стане першым беларускім удзельнікам гэтага пагаднення. У канферэнцыі прымуць удзел прадстаўнікі рэгіянальных і мясцовых органаў улады Беларусі, Марока, Германіі і Іспаніі, міністэрствы і ведамствы, дэлегацыя Еўрапейскай камісіі ў Беларусі, а таксама ўстановы, арганізацыі і эксперты, якія працуюць у сферы энергетыкі. У час канферэнцыі пройдзе круглы стол, на якім будзе абмяркоўвацца план устойлівага энергетычнага развіцця для Полацка. Распрацоўка і рэалізацыя такога плана — гэта абавязковая ўмова, якую павінны выканаць усе ўдзельнікі Пакта мэраў. Сваім вопытам з беларускімі ўдзельнікамі падзеляцца эксперты іспанскага горада Мурсія, адзін з партнёраў праекта, які ўжо падпісаў Пакт мэраў. У час канферэнцыі адбудуцца прэзентацыя праекта SURE і дыскусія па пытаннях устойлівага энергетычнага планавання ў беларускіх гарадах. Праца канферэнцыі завершыцца 19 студзеня. —0—