«Полацк-Шкловалакно» шукае інвестараў для арганізацыі вытворчасці шклопластыкавых труб
3 кастрычніка, Мінск /Мілена Ануфрыенак - БЕЛТА/. ААТ "Полацк-Шкловалакно" вядзе пошук інвестараў для арганізацыі вытворчасці шклопластыкавых труб. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
Новы інвестпраект прадугледжвае набыццё тэхналогіі і комплекснай лініі для выпуску труб бесперапынным спосабам прадукцыйнасцю 40 м/гадзіну. Шклопластыкавыя трубы мяркуецца вырабляць дыяметрам ад 250 да 2400 мм, даўжынёй да 14 м. Магчымыя вобласці іх прымянення - падачы пітной і тэхнічнай вады, каналізацыйныя сістэмы, арашэнне, вентыляцыя паветраных і паветрана-агрэсіўных асяроддзяў. Плануецца ўкараніць таксама камплектнае абсталяванне для выпуску спадарожнай прадукцыі: фітынгаў, злучэнняў, адводаў са шклопластыку.
Як адзначылі на полацкім прадпрыемстве, аналагічныя вытворчасці ў Беларусі, Украіне і на захадзе Расіі ў цяперашні час адсутнічаюць. Рэалізацыя інвестпраекта дазволіць наладзіць выпуск канкурэнтаздольнай, рэнтабельнай прадукцыі, якая мае добры экспартны патэнцыял і запатрабавана на ўнутраным рынку. Пры вырабе труб мяркуецца выкарыстоўваць шкловалакністыя матэрыялы, якія вырабляюцца ААТ "Полацк-Шкловалакно".
Арыенціровачны кошт праекта - 7-10 млн. еўра, тэрміны рэалізацыі - 2009-2011 гады. Для яго ажыццяўлення полацкае прадпрыемства разглядае магчымасць прыцягнення прамых інвестыцый і стварэння СУ.
ААТ "Полацк-Шкловалакно" спецыялізуецца на выпуску шкловалакна і вырабаў з яго: электраізаляцыйных і канструкцыйных шклотканін, будаўнічых і цеплаізаляцыйных матэрыялаў і інш. Амаль 90% вырабленай прадукцыі адпраўляецца на экспарт больш чым у 40 краін. Першая чарга прадпрыемства была ўведзена ў строй у 1958 годзе. У 2003 годзе вытворчае аб'яднанне ператворана ў адкрытае акцыянернае таварыства. Дзяржаве належыць кантрольны пакет акцый. На прадпрыемстве працуюць звыш 4,5 тыс. чалавек.-0-