«Полацк-Шкловалакно» прыступіла да выпуску шклопластыкавых кантэйнераў для збору бытавых адходаў

24 мая, Мінск /Ірына Аніскевіч - БЕЛТА/. ААТ "Полацк-Шкловалакно" выпусціла доследную партыю шклопластыкавых еўракантэйнераў для збору змешаных бытавых адходаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні маркетынгу прадпрыемства. Навінка распрацавана спецыялістамі прадпрыемства і прызначана для выкарыстання ў камунальнай гаспадарцы. Ад звычайных кантэйнераў яна адрозніваецца меншай вагой, пажараўстойлівасцю, большым аб'ёмам, а таксама тым, што не падвяргаецца карозіі. Першая партыя кантэйнераў праходзіць апрабацыю ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы Полацка. На прадпрыемстве адзначылі, што шклопластыкі дзякуючы фізіка-механічным і дыэлектрычным характарыстыкам, нізкай вазе і высокай трываласці знайшлі шырокае прымяненне ў электратэхнічнай прамысловасці, энергетыцы, вырабах тэхнічнага і бытавога прызначэння. Так, "Полацк-Шкловалакно" на аснове шклопластыку выпускае ванны, сядзенні для спартыўных арэн, спінінгі, палкі для лыж, байдаркі і каноэ, а таксама іншую прадукцыю. Сёлета пачаты выпуск шклопластыкавых лодак. ААТ "Полацк-Шкловалакно" спецыялізуецца на выпуску шкловалакна і вырабаў з яго: электраізаляцыйных і канструкцыйных шклотканін, будаўнічых і цеплаізаляцыйных матэрыялаў і інш. Амаль 90% прадукцыі экспартуецца больш чым у 40 краін. Першая чарга прадпрыемства была ўведзена ў строй у 1958 годзе. У 2003 годзе вытворчае аб'яднанне пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства. Дзяржаве належыць кантрольны пакет акцый. На прадпрыемстве працуюць звыш 4,5 тыс. чалавек.-0-