«Полацк-Шкловалакно» стварае два СЗ па вытворчасці шклохолсту і шклопластыкавых труб
12 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Адкрытае акцыянернае таварыства "Полацк-Шкловалакно" плануе стварыць два сумесныя прадпрыемствы па вытворчасці шклохолсту і шклопластыкавых труб. Аб гэтым сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама паведаміў генеральны дырэктар прадпрыемства Мікалай Качаноўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Да вытворчасці шклохолсту цікавасць праявілі кітайскія бізнесмены. Выпуск новага для Беларусі віду вырабаў - шклопластыкавых труб - "Полацк-Шкловалакно" таксама мае намер пачаць з замежным партнёрам. Пры гэтым, па словах Мікалая Качаноўскага, інвестары зацікаўлены ў пастаўках такой прадукцыі за межы рэспублікі.
Асваенне новых відаў прадукцыі прадыктавана падзеннем попыту на сусветным рынку на традыцыйныя для "Полацк-Шкловалакна" віды: шклатканіны і шкланіці для электронікі і будаўніцтва. Як адзначыў гендырэктар, за 9 месяцаў бягучага года ўдзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме вытворчасці ўзрасла з 22% у пачатку года да 40%.
"Полацк-Шкловалакно" мае намер у 2010 годзе асвоіць выпуск новых відаў спажывецкіх тавараў, у прыватнасці гаворка ідзе аб аднамесных лодках і катамаранах. У планах таксама аднаўленне вытворчасці вудаў для рыбалкі.
Як адзначыў Мікалай Качаноўскі, каля 85% прадукцыі прадпрыемства пастаўляецца на экспарт. Залежнасць прадпрыемства ад знешніх пакупнікоў ва ўмовах эканамічнага крызісу адбілася на аб'ёмах вытворчасці і продажаў. Па выніках паўгоддзя на складах назапасілася прадукцыі на Br45,7 млрд., што складала 270% сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці. Па выніках працы ў студзені-верасня зніжэнне складскіх запасаў адбылося на Вr19 млрд. Прадукцыя рэалізуецца ў 43 дзяржавы. Выручка за апошнія тры месяцы складае больш за 100% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці па выніках 9 месяцаў склаў 83% да аналагічнага перыяду мінулага года.
ААТ "Полацк-Шкловалакно" спецыялізуецца на выпуску шкловалакна і вырабаў з яго: электраізаляцыйных і канструкцыйных шклатканін, будаўнічых і цеплаізаляцыйных матэрыялаў. Прадпрыемства было створана ў 1958 годзе. У 2003 годзе вытворчае аб'яднанне было пераўтворана ў ААТ. Дзяржаве належыць кантрольны пакет акцый. На прадпрыемстве працуюць больш за 4 тыс. чалавек.-0-