«Полацк-Шкловалакно» увяло ў эксплуатацыю новы цэх аднастадыйнай вытворчасці шкловалакна

20 жніўня, Мінск /Ірына Аніскевіч - БЕЛТА/. У ААТ "Полацк-Шкловалакно" ўведзены ў эксплуатацыю новы цэх аднастадыйнай вытворчасці шклавалакна. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў галоўны інжынер прадпрыемства Рыгор Каралёў. Увод шклаварнай печы з гадавой магутнасцю 15,7 тыс.т ніткі дазволіць павялічыць аб'ём выпускаемай прадукцыі на 136,2%. Плануецца, што на праектную магутнасць цэх выйдзе ў кастрычніку бягучага года. Інвестпраект з'яўляецца адным з найважнейшых у праграме развіцця прадпрыемства на 2006-2010 гады і рэалізуецца для павелічэння аб'ёму вытворчасці шклавалакна, таварных тэкстыльных нітак і шклатканін. Па словах галоўнага інжынера, у новым цэху выкарыстана самае сучаснае абсталяванне, якое дазволіць павысіць рэнтабельнасць за кошт эканоміі прыроднага газу, паколькі вытворчасць шклавалакна і шкланіткі вельмі энергаёмістая - тэмпература плаўлення шихты складае 1,5 тыс. градусаў. Працэс шклаварэння ў печы аўтаматызаваны - сістэма кантролю і кіравання падтрымлівае асноўныя параметры тэхналагічнага працэсу. З уводам гэтага цэха павысіцца і якасць прадукцыі. Так, вытворчасць шклавалакна на новым абсталяванні ажыццяўляецца ў тры пражы, намотвальныя апараты забяспечваюць патрэбную даўжыню ніткі ў пакоўцы. Таксама ў працэсе вытворчасці ўжываецца новая ахоўная эмульсія, якая засцерагае шкланітку ад разбурэння ў працэсе яе далейшай перапрацоўкі. ААТ "Полацк-Шкловалакно" уваходзіць у склад канцэрна "Белнафтахім" і ўяўляе сабой інтэграванае прадпрыемства, якое аб'ядноўвае тэхналагічныя працэсы апрацоўкі сыравінных матэрыялаў, шклаварэння, вытворчасці шклавалакна і яго тэкстыльнай перапрацоўкі, фінішнай аздаблення шклатканін і вырабу шклапластыкаў. Спецыялізуецца на выпуску шклавалакна і вырабаў з яго - электраізаляцыйных і канструкцыйных шклатканін, будаўнічых і цеплаізаляцыйных матэрыялаў, вырабаў крэмнезёму, а структурнае падраздзяленне "Шклакампазіт", што ўваходзіць у склад, - на выпуску вудаў, байдарак, лодак і іншых вырабаў са шклапластыку. Амаль 90% прадукцыі экспартуецца - прадпрыемства пастаўляе прадукцыю ў 45 краін. Першая чарга "Полацк-Шкловалакна" ўведзена ў строй у 1958 годзе. У 2003-м вытворчае аб'яднанне ператворана ў ААТ. Дзяржаве належыць кантрольны пакет акцый. На прадпрыемстве працуюць звыш 4,5 тыс. чалавек.-0-