Полацк выбралі маладзёжнай сталіцай Беларусі
У конкурсе ўдзельнічалі 11 гарадоў краіны, у фінале — чатыры. «Гарады ацэньвалі па шэрагу крытэрыяў. У прыватнасці, гэта добраўпарадкаванне тэрыторыі, магчымасці для адпачынку, атрымання якаснай адукацыі, адпачынку. Лепшым па ўсіх напрамках у 2016 годзе, а таксама па планах на 2017-ы стаў Полацк», — адзначылі ў прэс-цэнтры.
Першыя тэматычныя мерапрыемствы пройдуць у Полацку ў канцы студзеня. На працягу года горад стане маладзёжнай пляцоўкай для рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемстваў: фестываляў, акцый, праектаў, сустрэч, канферэнцый. У іх возьмуць удзел беларускія і замежныя навучэнцы, студэнты і працоўная моладзь.
Конкурс «Маладзёжная сталіца Беларусі» праводзіцца другі год запар. У 2016-м ёю былі Баранавічы. У горадзе прайшло больш за 130 мерапрыемстваў раённага, рэспубліканскага і міжнароднага характару: студэнцкі форум «Я кажу «Так!», конкурс «Лідэр года», адкрыты дыялог «Роля моладзі ў развіцці краіны» і іншыя.
Арганізатар конкурсу па выбары рэспубліканскай маладзёжнай сталіцы — Міністэрства адукацыі.