Полацкая ГЭС уведзена ў эксплуатацыю

30 чэрвеня 2017 года завершана будаўніцтва Полацкай гідраэлектрастанцыі на Заходняй Дзвіне.

Полацкая ГЭС уяўляе сабой плацінна-рэчышчавую нізканапорную гідраэлектрастанцыю.

 Усталяваная электрычная магутнасць станцыі складае 21,66 МВт. Гэтага дастаткова, каб пакрыць спажыванне чатырох раёнаў вобласці: Лепельскага, Ушацкага, Чашніцкага і Расонскага. Плануецца, што сярэднегадавая выпрацоўка складзе 110 млн кВт•г. Полацкая ГЭС разам з Віцебскай стануць самымі магутнымі ГЭС у краіне. Выкарыстанне энергіі вады ў такім маштабе – гэта новы напрамак для Беларусі, і як паказвае вопыт многіх краін свету – правільны.

Рэалізацыя інвестыцыйнага праекта «Будаўніцтва Полацкай ГЭС на рацэ Заходняя Дзвіна Віцебскай вобласці» пачата РВУП «Віцебскэнерга» ў 2011 годзе. Генеральным падрадчыкам будаўніцтва выступала расійскае ААТ «ВА «Тэхнапрамэкспарт». Абслугоўваннем аб'екта ў перыяд будаўніцтва сумесна са спецыялістамі РВУП «Віцебскэнерга» займаліся прадстаўнікі чэшскай кампаніі Mavel, чыё абсталяванне было ўстаноўлена на ГЭС. Усяго ж на аб'екце былі задзейнічаны каля дзесяці праектных, будаўнічых і электратэхнічных арганізацый. Інвестыцыйны праект можна назваць інтэрнацыянальным, так як над ім працавалі беларускія, расійскія, украінскія, чэшскія, сербскія спецыялісты.

Праект складаецца з 3 частак і 15 пускавых комплексаў. Асноўныя аб'екты будаўніцтва – гідравузел, які ўключае пяць гідраагрэгатаў чэшскай кампаніі Mavel, схему выдачы магутнасці ў энергасістэму і водасховішча.

Вадасховішча мае свае асаблівасці – яго даўжыня 83 км. На гэтым участку праведзены маштабныя работы: рэканструкцыя мастоў і пераходаў, умацаванне берагоў, ачыстка ад дрэвава-хмызняковай расліннасці, ліквідацыя забалочаных месцаў. Адметная рыса басейна Заходняй Дзвіны каля горада Полацка ў тым, што структура берагоў дазваляе стварыць запас вады без падтаплення значных тэрыторый. Падчас будаўніцтва Полацкай ГЭС пад знос трапіла ўсяго 6 дапаможных пабудоў у прылеглых населеных пунктах. Будаўніцтва суднаходнага шлюза дадзеным праектам не прадугледжана, яго ўзвядзенне будзе праводзіцца асобна, калі станцыя ўжо будзе працаваць. Але прадугледжаны мерапрыемствы для пропуску рыбы праз збудаванні гідравузла, для гэтага распрацавана спецыяльная схема, узгодненая Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Абслугоўваць станцыю будзе каля 20 чалавек. Два чалавекі, якія займаюцца аўтаматыкай, прайшлі стажыроўку ў Чэхіі, астатні персанал стажыраваўся на Гродзенскай ГЭС, дзе ўстаноўлена аналагічнае чэшскае абсталяванне.

Па разліках эканомія паліва складзе каля 35 тысяч тон умоўнага паліва ў год.

ГПА «Белэнерга».