Полацкія лазьнікі дададуць жару і выберуць самага стойкага
29 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Самыя стойкія парыльшчыкі з Полацкага раёна ўпершыню 30 студзеня выберуць рэкардсмена і дадуць старт новаму турыстычнаму праекту "Знакамітыя лазні Полацкай зямлі", расказаў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела спорту і турызму Полацкага райвыканкама Аляксандр Куракоў.
Месцам сустрэчы аматараў гарачай пары і моцнага веніка стане аграэкасядзіба "Хутар ля Крыніцы" ў вёсцы Уладзічына. Тутэйшая лазня на час ператворыцца ў своеасаблівы стадыён, дзе пройдуць спаборніцтвы на працягласць знаходжання ў парнай. Аляксандр Куракоў абяцае ўдзельнікам паддаць жару: для мужчын тэмпература ў парнай будзе дасягаць плюс 140, для жанчын - плюс 100. А завершыцца ўсё купаннем у басейне з ледзяной вадой.
Па словах суразмоўцы, колькасць жадаючых паўдзельнічаць у спаборніцтве была настолькі вялікая, што да правядзення лазневай спартакіяды падключыліся яшчэ пяць сельсаветаў раёна, дзе створаны клубы аматараў лазні. Яны таксама будуць выбіраць самага стойкага парыльшчыка на тэрыторыі сваіх сельсаветаў.
Падрыхтоўка пачалася задоўга да спаборніцтваў, бо сапраўдная лазня - гэта не замежныя саўна ці хамам. Тут, як у спорце, без пастаяннай трэніроўкі перамогі не дабудзеш. Перад спаборніцтвам усім удзельнікам трэба будзе прайсці медагляд, а сачыць за іх станам падчас барацьбы будуць незалежныя эксперты. Пераможцаў, як і належыць, чакаюць узнагароды: дыпломы і каштоўныя падарункі.
Ініцыятыва правядзення спаборніцтваў належыць уладальнікам полацкіх аграэкасядзіб і аматарам лазні. Ідэю падтрымаў Полацкі райвыканкам і выступіў адным з арганізатараў. Такія незвычайныя спаборніцтвы могуць служыць не толькі прапагандай здаровага ладу жыцця, але і стаць добрай рэкламай сельскага турызму, лічаць у райвыканкаме.-0-