Полацкія краязнаўцы адкапалі новы факт з гісторыі помніка воінам 1812 года ў Клясціцах
Закладная пласціна знойдзена ў падмурку былога помніка воінам 1812 года ў Клясціцах Расонскага раёна. Як распавёў «Віцебскім весткам» старшыня Клясціцкага сельсавета Мікалай Хамянок, некалькі дзён таму да яго звярнуліся полацкія краязнаўцы Андрэй і Аляксей Бухавецкія за дазволам даследаваць фундамент разбуранага ў 1939 годзе манумента. Крыху раней яны выявілі закладную нішу.
Далейшыя раскопкі выявілі шасціканцовы тонкі бляшаны крыж з серабраным напыленнем, пад ім аказалася гранітная пліта, якая закрывала паглыбленне, у якім ляжала медная пласціна. На пласціне даўжынёй 44 і шырынёй 28,5 см выразна чытаецца тэкст: «1854 года Мая 21-го дня, въ 29-й годъ благополучного царствования Его Императорского Величества Государя Императора Николая Павловича Самодержца Всероссийского, заложен Памятникъ сей по Высочайшему Его Величества повелению въ воспоминание отечественной войны и победы надъ французскими войсками, одержанной 19-го Июля 1812 года при Клястицахъ. Заложение Памятника сего происходило въ присутствии…» І далей ідзе пералік прозвішчаў.
Дзякуючы знаходцы, якая праляжала ў зямлі 161 год, цяпер дакладна вядома, калі быў закладзены помнік, асвечаны ў 1857 годзе. Закладная пласціна разам з крыжом перададзены ў музей Клясціцкай школы.
Таццяна Пастарнак, «Віцебскія весці».