Полацкія кулінары будуць павышаць майстэрства ў Літве, Швецыі і Латвіі
Па праекце "Паляпшэнне кулінарнага сэрвісу ў Латгальскім і Віцебскім рэгіёнах, грунтуючыся на канцэпцыі кулінарнай спадчыны" (Bella Cuisine) прадстаўнікі 6 гандлёвых арганізацый Полацка ў жніўні-верасьні бягучага года наведаюць трох- і пяцідзённыя навучальныя паездкі ў гарады Зарасай (Літва), Карлсхамн (Швецыя) і Краслава (Латвія).
Прадстаўнікі Полацкага раёна наведаюць 11 прадпрыемстваў кулінарнай спадчыны Літвы: вадзяны млын у Шлінінке, прадпрыемствы па вытворчасці мясных вырабаў, сядзібы экотурызму "Алаушыне" і іншыя аб'екты. Пяць дзён навучання ў Швецыі дазволяць полацкім спецыялістам удасканаліць тэарэтычныя навыкі ў сферы маркетынгу, працы на рэгіянальным узроўні, правільна выкарыстоўваць лагатыпы і маркетынгавыя матэрыялы, а таксама прэзентаваць свае напрацоўкі па паляпшэнні якасці прадастаўлення кулінарных паслуг. У праграме навучальнай паездкі наведванне пякарні, крамы, кафэ і рэстарана.
У верасні палачане наведаюць латвійскі горад Краслава, дзе азнаёмяцца з дзейнасцю сялянскіх гаспадарак, базы адпачынку, музеяў хлеба, сельскай хаты, Лудзенскага цэнтра рамеснікаў, гасцявога дома, піваварні, рыбнай гаспадаркі, прадпрыемстваў па вытворчасці хатняга віна, выпечцы хлеба, тортаў, піц і пірагоў, развядзенні вінных смаўжоў.
На сённяшні дзень у праекце Bella Cuisine прымаюць удзел 30 прадпрыемстваў сферы харчавання Віцебскага рэгіёна (рэстараны, кафэ, гасцявыя дамы, сельскія сядзібы, вытворцы харчовых тавараў), у тым ліку 6 прадпрыемстваў з Полацкага раёна, 6 - з Лепельскага, 6 - з Глыбоцкага, 6 - з Верхнядзвінскага і 6 - з Мёрскага раёна.
Плануецца распрацаваць сумесны маршрут кулінарнай спадчыны Bella Cuisine, правесці мерапрыемствы па прасоўванні кулінарнай спадчыны. Партнёры беларусаў па міжнародным праекце маюць багатыя кулінарныя традыцыі і асаблівую кулінарную спадчыну, таму паляпшэнне сферы кулінарыі ў Полацкім раёне павінна стаць адным з моцных бакоў турыстычнага сектара рэгіёна, упэўненыя ў райвыканкаме.