Полацкія медыкі рэалізуюць праект "Здароўе на працоўным месцы "Пачні з сябе"
Полацкія медыкі ў Год культуры вырашылі павысіць узровень карпаратыўнай культуры і скласці рэйтынг здароўя, паведамілі ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.
Праект "Здароўе на працоўным месцы "Пачні з сябе" рэалізуецца сёлета на базе Полацкай цэнтральнай гарадской паліклінікі, каб згуртаваць калектыў у адзіную каманду, падняць карпаратыўны дух супрацоўнікаў і аздаравіць іх. Бо відавочна, што здароваму доктару пацыенты давяраюць больш.
"Асаблівасцю праекта з'яўляецца тое, што ён накіраваны на прасоўванне здаровага ладу жыцця праз павышэнне рухальнай актыўнасці медыкаў, аказанне дапамогі работнікам паліклінікі з залішняй вагой і фарміраванне правільных харчовых звычак. Таксама мы звернем увагу на прафілактыку тытунекурэнне, актывізацыю работы першасных арганізацый грамадскіх аб'яднанняў установы", - растлумачыла намеснік галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы, загадчыца паліклінікі Святлана Адзінцова.
Праект складаецца з трох этапаў. Усё пачалося з арганізацыйнага, які ўключаў анкетаванне сярод работнікаў, вывучэнне фактараў рызыкі. А сакавіка па снежань рэалізуецца асноўны. Гэта камандныя і індывідуальныя спартыўныя мерапрыемствы "Рух - гэта радасць", накіраваныя на павышэнне рухальнай актыўнасці супрацоўнікаў; ацэнка ўмоў прыёму ежы супрацоўнікаў; ацэнка выканання артыкула закона аб забароне курэння ў памяшканнях і на тэрыторыях, свабодных ад тытунёвага дыму; трэнінгі, семінары, кансультацыі па кіраванні канфліктнымі сітуацыямі, тэхналогіях выпрацоўкі эмацыйнай устойлівасці, спосабах кіравання стрэсам на эмацыйным і фізічным узроўні; конкурс газет, фотаздымкаў, відэаролікаў "Здаровы лад жыцця для мяне - гэта...".
Завяршальны этап запланаваны на снежань 2016 года і ўключае аналіз вынікаў праекта, фарміраванне выніковага рэйтынгу сярод медыцынскіх работнікаў і іх кіраўнікоў. Сёння ў паліклініцы працуюць 453 чалавекі. Як лічаць арганізатары праекта, калі розныя па характары і поглядах людзі аб'яднаюцца для дасягнення адзінай мэты і
пры гэтым будуць атаясамляць сябе з арганізацыяй, якую лічаць найлепшай, тады можна будзе казаць пра здаровы карпаратыўны дух. Мяркуецца, што ў наступным годзе праект ахопіць усе структурныя падраздзяленні Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы. Арганізатары праекта - адміністрацыя і савет медыцынскіх сясцёр паліклінікі.Кацярына Князева – БелТА.