Полацкія памежнікі перамаглі на чэмпіянаце органаў памежнай службы Беларусі па рукапашным баі
9 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Полацкія памежнікі былі наймацнейшымі на чэмпіянаце органаў памежнай службы Беларусі па рукапашным баі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА памочнік начальніка Полацкага пагранатрада Дзяніс Глебко.
Чэмпіянат праводзіўся на базе ўпраўлення Брэсцкай пагрангрупы з 4 па 6 красавіка. У ім узялі ўдзел 14 каманд агульнай колькасцю больш за 70 вайскоўцаў. Спаборніцтвы праводзіліся ў вагавых катэгорыях да 60 кг, да 65 кг, да 70 кг, да 75 кг, да 80 кг, да 85 кг і звыш 85 кг.
У камандным першынстве першае месца заняла дружына Полацкага пагранатрада ў складзе лейтэнанта А.Шылава, лейтэнанта А.Богука, малодшага сяржанта І.Лагуціка, ефрэйтара А.Казанцава, радавых М.Савайтана, С.Ермакова, А.Сцяпанцова, Я.Лабзака. Другое і трэцяе месца падзялілі адпаведна каманды з Брэста і Пінска.
Многія з полацкіх памежнікаў падымаліся на п'едэстал гонару і ў асабістых першынствах. Так, пераможцамі, выканаўшы і пацвердзіўшы разрады кандыдата ў майстры спорту па рукапашным баі, у вагавой катэгорыі да 70 кг стаў А.Шылаў, да 60 кг - С.Ермакоў, да 85 кг - А.Сцяпанцоў. Серабро ў вагавой катэгорыі да 60 кг заваяваў М.Савайтан.
Паспяховае выступленне з'яўлялася вынікам прафесійнага падбору каманды, якаснай падрыхтоўкі да спаборніцтваў, высокіх псіхалагічных і валявых якасцей, адзначыў Дзяніс Глебко.-0-