Полацкія памежнікі прадухілілі спробу прарыву праз латвійска-беларускую мяжу
Спробу прарыву праз латвійска-беларускую мяжу ў пункце пропуску «Урбаны» у Браслаўскім раёне прадухілілі полацкія памежнікі ўдзень 1 сакавіка.
Грамадзянін Беларусі, не завяршыўшы афармленне ў латвійскім пункце пропуску «Сілене», збіў шлагбаўм і на вялікай хуткасці накіраваў сваё «Audi А-6» у беларускі бок.
Супрацоўнік памежнай службы Беларусі, заўважыўшы набліжэнне іншамаркі, ацаніў абстаноўку і разгарнуў спецыяльны сродак прымусовага спынення. Нарушальнік, заўважыўшы гэтыя дзеянні, рэзка скінуў хуткасць і спыніў транспартны сродак за некалькі метраў ад беларускага пункта пропуску.
Трывожная група аператыўна заблакавала аўтамабіль і затрымала кіроўцу.
У ходзе праведзенага спецдагляду «Audi А-6» прадметаў, забароненых да перамяшчэння праз дзяржаўную мяжу, не выяўлена.
Па факце інцыдэнту праводзіцца разбіральніцтва.
Аўтамабіль змешчаны на спецстаянку для затрыманага транспарту.
Прэс-служба Полацкага памежнага атрада