Полацкія ўлады першае грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта праводзяць з дапамогай Інтэрнета
3 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Афіцыйны сайт Полацкага гарвыканкама стаў пляцоўкай для ўпершыню праводзімага ў горадзе грамадскага абмеркавання горадабудаўнічага праекта "Дэтальны план жылога раёна Аэрапорт", расказаў карэспандэнту БЕЛТА выконваючы абавязкі начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва Полацкага гарвыканкама, прадстаўнік выканкама па правядзенні грамадскага абмеркавання Андрэй Баравік.
Для максімальнага прыцягнення жыхароў горада і арганізацый гарвыканкам не абмежаваўся традыцыйным для падобных абмеркаванняў вырабам пакета дакументаў і макетаў і запрашэннем да азнаямлення з імі ў адведзеныя гадзіны. На сайце гарвыканкама ў спецыяльным раздзеле прадстаўлены дэтальны план з архітэктурна-планіровачным рашэннем, якое ўключае прапановы па кампазіцыі жылой забудовы, рэканструкцыі гістарычнай часткі Заполле, па стварэнні зон для заняткаў спортам і адпачынкам, турыстычнай і інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Кожны наведвальнік сайта можа выказаць сваё меркаванне і ўнесці прапановы да 10 лютага.
На думку Андрэя Баравіка, "шырокае абмеркаванне стане добрай падказкай для канчатковай дапрацоўкі плана перад заключэннем экспертызы, дапаможа зрабіць жыццё новасёлаў больш камфортным, а Полацк яшчэ больш прывабным для шматлікіх турыстаў". Будаўніцтва жылога раёна Аэрапорт з'яўляецца часткай генеральнага плана Полацка, некаторыя яго аб'екты ўключаны ў Комплексную праграму развіцця горада да 2012 года.
У найбліжэйшай перспектыве на грамадскае абмеркаванне будзе вынесены праект рэканструкцыі гістарычнай часткі горада. З улікам яго значнасці адной з пляцовак для абмеркавання зноў стане Інтэрнэт, дадаў Андрэй Баравік.-0-