Полацкі аўтавакзал набудзе новы выгляд да Дня беларускага пісьменства
Аўтавакзал у Полацку быў уведзены ў эксплуатацыю ў 1968 годзе. У 2002-м – пры падрыхтоўцы да рэспубліканскага фестывалю «Дажынкі» – у сувязі з недахопам фінансавання праводзілася толькі частковая рэканструкцыя будынка з уцяпленнем сцен, заменай вітражоў, рамонтам даху, добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Цяпер з'явілася магчымасць працягнуць пераўтварэнні.
– Мы з нецярпеннем чакаем, калі аб'ект будзе гатовы, усе радуюцца пераменам. Бо горад пачынаецца з вакзала, і вельмі важна, якія першыя ўражанні атрымаюць госці, – сказала начальнік аўтавакзала Таццяна Карабава.
Пакуль жа касы вынесены ў вагончыкі, зала чакання – на вуліцы пад навесамі, але праца аўтавакзала праходзіць у звычайным рэжыме. Па буднях праз яго праходзіць 1200, у святы і выхадныя дні – да 1500 чалавек. Штодня здзяйсняецца каля 130 рэйсаў, самыя далёкія – у Даўгаўпілс, Санкт-Пецярбург, Рыгу, Маскву. Летам полацкі аўтапарк №2 – філіял ААТ «Віцебскаблаўтатранс» арганізуе запатрабаваныя сезонныя паездкі на курорт Затока Адэскай вобласці.
Калектыў у нестандартнай сітуацыі стаў працаваць больш дакладна і зладжана, падкрэсліла Таццяна Карабава. Пасажыры ставяцца да часовых нязручнасцей з разуменнем і нават пытаюцца, ці патрэбна дапамога ў навядзенні парадку, арандатары памяшканняў таксама прапануюць свае паслугі.
Пачынаючы з праектавання працэс рэканструкцыі кантралюе кіраўніцтва ААТ «Віцебскаблаўтатранс», два разы на тыдзень праводзяцца штабы па каардынацыі дзеянняў, кожны дзень на аб'екце бываюць дырэктар аўтапарка №2 Уладзімір Чарневіч і намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Міхалевіч.
Штодня тут працуе больш за 50 будаўнікоў з наваполацкага СМТ №16, трэста «Белсантэхмантаж», прадпрыемства «Вітааўтаматыка».
Ужо перабудаваны білетныя касы, перароблены камеры захоўвання і службовыя памяшканні, абсталяваны новыя санузлы, з'явіліся ўтульныя пакоі адпачынку для кіроўцаў і абслуговага персаналу. Значна змяніўся выгляд залы чакання.
Згодна з праектам, выкананым навукова-вытворчым аб'яднаннем «Праект Канцэпт», тут уладкаваны модныя сёння падвесныя столі сістэмы «Грыльята», у вочкі якіх будзе ўмантавана 19 свяцілень у выглядзе шароў дыяметрам 40 і 60 см (адзін такі, дарэчы, каштуе 700 рублёў).
Прадугледжаны элементы безбар'ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, устаноўлены сучасныя сістэмы пажаратушэння і відэаназірання.
Цяпер завяршаецца аздабленне фасада будынка. Каляровае рашэнне – у аптымістычных аранжавых танах, а самая высокая кропка аформлена ў выглядзе шкляной вежы, сімвалічна паўтараючай абрысы эмблемы ААТ «Віцебскаблаўтатранс».
На станцыі Полацк Беларускай чыгункі таксама праведзены рамонт да Дня беларускага пісьменства. Абнаўлены будынкі вакзала, білетных кас і багажнага аддзялення.
На прывакзальнай плошчы і платформах адрамантаваны пліткавае пакрыццё, малыя архітэктурныя формы, стойкі асвятлення і агароджаў, у тым ліку на пешаходным мосце. У цэлым на падрыхтоўку полацкага чыгуначнага вузла да свята накіравана 365 тысяч рублёў.
Нядаўна стала вядома, што вакзал станцыі Полацк атрымаў перамогу ў сваёй катэгорыі і прызнаны адным з лепшых у Беларусі па выніках рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання.
Ларыса МАЛАШЭНЯ, фота аўтара. "Віцебскія весці".