Полацкі гарвыканкам прадставіў праект для ўдзелу ў праграме ЕС па развіцці энергазберажэння

23 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Полацкі гарвыканкам прадставіў у Еўрапейскую камісію праект па энергазберажэнні для ўдзелу ў праграме Еўрасаюза CIUDAD "Устойлівае развіццё энергетыкі ў гарадах рэгіёна Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства (ЕІДП)", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама Мікалай Ільюшонак. Праект прадугледжвае распрацоўку стратэгіі энергазберажэння горада на перыяд да 2020 года і будаўніцтва пілотнага аб'екта сацыяльнай інфраструктуры з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій у цепла- і энергазберажэнні. Партнёрамі выступаюць Іспанія, Марока і Германія. Як адзначыў Мікалай Ільюшонак, іх выбар не выпадковы, ён заснаваны на вялікім практычным вопыце гэтых дзяржаў па ўкараненні сучасных энергазберагальных тэхналогій і выкарыстанні альтэрнатыўных крыніц энергіі. Фінансаванне праекта будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў Еўрасаюза. Праектная заяўка Полацка для ўдзелу ў конкурсе была адабрана Еўракамісіяй з больш чым тысячы. У падрыхтоўцы праекта палачанам дапамагала агульнакарысны грамадскі дом "Нямецка-беларускі дом садзейнічання развіццю эканомікі, навукі, тэхналогій, інвестыцый і культуры ў горадзе Карлсруэ". У выпадку рэалізацыі гэтага праекта Полацк зможа далучыцца да "Пакта мэраў" - еўрапейскага праекта, які на лакальным узроўні дазваляе вырашаць глабальныя экалагічныя праблемы, у прыватнасці, зніжэнне на 20% да 2020 года выкідаў у атмасферу вуглякіслага газу. Інструментам рэалізацыі гэтага плана з'яўляецца абмен перадавым вопытам энергазберажэння. Акрамя таго, удзел у "Пакце мэраў" адкрывае доступ да рэсурсаў, якія забяспечваюць выкананне палітыкі ЕС у галіне клімату і аховы навакольнага асяроддзя.-0-