Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт у 2016 годзе адкрывае набор на дзве новыя спецыяльнасці

Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт у 2016 годзе адкрывае набор на дзве новыя спецыяльнасці, паведаміла адказны сакратар прыёмнай камісіі ВНУ Вольга Пятровіч.

 

ПДУ - адзін з найбуйнейшых у Віцебскай вобласці ВНУ і па спектры спецыяльнасцей, і па колькасці навучэнцаў (на 9 факультэтах вучацца больш за 12 тыс. студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў). З гэтага года ВНУ адкрывае дзве новыя спецыяльнасці: "тэхнічная праца і тэхнічная творчасць", "абслугоўваючая праца і выяўленчае мастацтва".

 

"Гэта педагагічныя спецыяльнасці, але выпускнікі змогуць працаваць як у сферы адукацыі, так і знайсці сваё прызванне ў індывідуальнай працоўнай дзейнасці. У працэсе навучання студэнты атрымліваюць веды ў галіне разнастайных тэхналогій: апрацоўкі драўніны, металаў, прыродных матэрыялаў, апрацоўкі тканін, харчовых прадуктаў", - адзначыла Вольга Пятровіч.

 

Яна падкрэсліла, што адкрыццё новых спецыяльнасцей абумоўлена патрэбай рынку працы. Так, у мінулым годзе тут была адкрыта падрыхтоўка па напрамку "праектаванне і вытворчасць праграмна-кіраваных электронных сродкаў" з кваліфікацыяй "інжынер-электронік-праграміст".

 

Полацкі ўніверсітэт - адзіная ВНУ ў краіне, якая рыхтуе спецыялістаў для нафтахімічнай прамысловасці па такіх спецыяльнасцях, як "хімічная тэхналогія прыродных энерганосьбітаў і вугляродных матэрыялаў", "праектаванне, будаўніцтва і эксплуатацыя газанафтаправодаў і газанафтасховішчаў". ВНУ рыхтуе спецыялістаў па рэдкіх для рэспублікі спецыяльнасцях: "машыны і апараты хімічных вытворчасцей і прадпрыемстваў будаўнічых матэрыялаў", "геадэзія". У цэлым у 2016 годзе Полацкі ўніверсітэт аб'яўляе набор на 33 спецыяльнасці дзённай формы навучання, 9 спецыяльнасцей завочнай і 2 - дыстанцыйнай формы навучання, 11 спецыяльнасцей завочнай са скарочаным тэрмінам навучання.

 

Алена Ціханава - БЕЛТА.