Полацкі малочны камбінат павялічыў у I квартале экспарт больш чым у два разы
15 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Полацкі малочны камбінат павялічыў у першым квартале бягучага года экспарт больш чым у два разы да $3,7 млн, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
Значнае павелічэнне экспарту абумоўлена выхадам камбіната на новыя рынкі збыту. Так, калі ў мінулыя гады асноўным знешнім рынкам для прадпрыемства з'яўлялася Расія, то ў 2010 годзе яму ўдалося ажыццявіць пастаўкі ў Казахстан, Арменію, Грузію. Адным з апошніх падпісаны кантракт з партнёрамі з Албаніі. У цяперашні час вядуцца перамовы з Егіптам і Паўднёвай Карэяй. Супрацоўніцтва з партнёрамі з розных краін адкрыла перад прадпрыемствам новыя магчымасці па павелічэнні экспарту і аб'ёмаў вытворчасці, а таксама паменшыла залежнасць ад расійскага рынку, адзначылі на камбінаце.
У найбліжэйшай перспектыве Полацкі малочны камбінат плануе ўсталяваць лінію па разліве малака, кефіру і ёгурта ў ПЭТ-бутэлькі ёмістасцю 1л, 0,5 л і 0,25 л, а таксама закупіць лінію па вырабе узбітых прадуктаў на аснове тварагу. На апошняй будуць выпускаць малочныя дэсерты - пудынгі і мусы. Рэалізацыя гэтых праектаў дазволіць пашырыць асартымент, павысіць канкурэнтаздольнасць камбіната, а таксама будзе спрыяць росту экспартных паставак.
Прадпрыемства заснавана ў 1987 годзе. Асартымент налічвае каля 70 найменняў прадукцыі, якая выпускаецца пад гандлёвай маркай "Малочнае раздолле". Сярэдне-спісачная колькасць працаўнікоў - звыш 600 чалавек. За студзень-сакавік бягучага года аб'ём вытворчасці склаў 136,5% да аналагічнага ўзроўню 2009 года, тавараў народнага спажывання - 142,2%.-0-