Полацкі малочны камбінат у снежні пачне выпускаць аэраваную прадукцыю

18 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Полацкі малочны камбінат" у снежні пачне выпускаць аэраваную прадукцыю. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Уладзімір Яцкевіч на выстаўцы "Віцебшчына - за здаровы лад жыцця!", якая адкрылася сёння ў Віцебску. Новая лінейка будзе ўключаць мусы, пудынгі і дэсерты з рознымі напаўняльнікамі. Для выпуску гэтай прадукцыі закуплена спецыяльная тэхналагічная лінія беларуска-польска-нямецкай вытворчасці коштам Br3,2 млрд. і магутнасцю 250 кг гатовай прадукцыі ў гадзіну. У цяперашні час вядзецца яе мантаж. Акрамя таго, прадпрыемства набыло балгарска-італьянскую лінію па разліве малака, кефіру і ёгуртаў у ПЭТ-бутэлькі ёмістасцю 250 г, 0,5 л і 1 л. Яе кошт склаў 1,6 тыс. еўра, прадукцыйнасць - 6 тыс. бутэлек у гадзіну. Увод лініі ў эксплуатацыю плануецца ў першым квартале 2011 года. Новае абсталяванне дазволіць камбінату павялічыць тэрмін прыдатнасці малочнай прадукцыі да 10 сутак, а таксама стане базай для рэалізацыі наступных праектаў па мадэрнізацыі, накіраваных на павелічэнне тэрмінаў прыдатнасці малочных прадуктаў. Так, у 2011 годзе завод мае намер набыць дадатковае тэхналагічнае абсталяванне для ультрапастэрызацыі (падоўжыць тэрмін прыдатнасці малака да 20 сутак, кефіру і ёгуртаў - да 28 сутак), а ў наступнай перспектыве - для разліву ў асептычную ўпакоўку (да 4-6 месяцаў). Рэалізацыя гэтых праектаў накіравана на пашырэнне асартыменту прадукцыі і павышэнне яе экспартнай прывабнасці, адзначыў кіраўнік. За студзень-кастрычнік камбінат выпусціў прадукцыі на Br125 млрд., або 119,4% да аналагічнага ўзроўню мінулага года. Рэнтабельнасць рэалізацыі - 8,7%. У Расію, Казахстан, Арменію і Грузію адгружана малочных вырабаў на $20,4 млн. (180% да студзеня-кастрычніка 2009 года). Удзельная вага экспарту ў агульным аб'ёме рэалізацыі - 48%. Інвестыцыі ў мадэрнізацыю і тэхпераўзбраенне на 2010 год запланаваны ў аб'ёме Br12 млрд. Прадпрыемства заснавана ў 1987 годзе. Асартымент налічвае больш за 70 найменняў малочных прадуктаў, якія выпускаюцца пад гандлёвай маркай "Малочная дагодка". Сярэдне-спісачная колькасць працаўнікоў - звыш 600 чалавек. Удзельнікамі III Міжнароднай выстаўкі-кірмашу "Віцебшчына - за здаровы лад жыцця" сталі каля 50 прадпрыемстваў Віцебскай вобласці, Мінска, прадстаўнікі Смаленскай і Пскоўскай абласцей Расіі. Наведвальнікі кірмашу могуць не толькі набыць прадукцыю, але і атрымаць кансультацыі кардыёлага, анкалога, эндакрынолага, педыятра, тэрапеўта і іншых спецыялістаў. Выстаўка працягнецца да 20 лістапада.-0-