Полацкі абярэг сабраў беларускіх і расійскіх майстрых на першы ў Беларусі фестываль лоскутнага шыцця
7 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Полацкі абрус сабраў больш за 30 беларускіх і расійскіх майстрых на першы ў Беларусі фестываль-конкурс лоскутнага мастацтва "Полацк-квілт", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік клуба лоскутнага шыцця "Рошва" полацкага цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур Ніна Ярмух.
На конкурс было прадстаўлена звыш паўсотні работ, выкананых у розных тэхніках пэчворка. Да ўдзелу ж адабрана 37, прычым выкананы яны як прызнанымі майстрамі-мастакамі - прызёрамі міжнародных конкурсаў лоскутнага шыцця, так і пачаткоўцамі-аматарамі. Убачыць конкурсныя і пазаконкурсныя работы, а разам з імі і сам Полацкі абрус - гіганцкае лоскутнае палатно плошчай больш за 90 кв.м - можна будзе ўжо з 12 кастрычніка: у гэты дзень стартуе фестываль.
Ініцыятарам правядзення творчага спаборніцтва пад назвай "Свет зямлі маёй" стаў клуб "Рошва". Конкурс праводзіцца па дзвюх намінацыях. У намінацыі "Традыцыйная" выстаўлены трохслаёвыя работы, выкананыя па канонах тэхнікі "квілт": маляўнічы верх, праслойка, падшэўка і прасцягванне. У намінацыі "Сучасная" тэхніка любая, галоўнае, каб былі выкарыстаны тканіны. Гаворачы пра конкурсныя работы, Ніна Ярмух адзначыла, што ўвасобіць у рэальнасць фантазію майстрых дапамагалі самыя разнастайныя матэрыялы - ад выкананых уручную карункаў да фотадрукаў на палатне. Прыемна здзівілі суразмоўцу і дапаўненні да работ - вершы, і што прыкметна, напісаны яны, як правіла, мужамі канкурсантак.
Пераможцы "Полацкага квілта" будуць названы 24 кастрычніка. Як чакаецца, у гэты дзень у Полацк прыедуць усе ўдзельнікі конкурсу: з Мінска, Віцебска, Гродна, Смаленска, Яраслаўля, Рыбінска, Санкт-Пецярбурга, Мурманска. Яны падзеляцца сакрэтамі свайго мастацтва на майстар-класе і абмяркуюць пытанні творчасці за круглым сталом.
Як адзначыла Ніна Ярмух, фестывалі такога роду папулярныя ва ўсім свеце. Яны праводзяцца ў Францыі, Іспаніі, ЗША, Аўстрыі, Японіі. Ва Украіне праходзяць два лоскутных фестывалі, а ў Расіі - пяць, у тым ліку прэстыжны маскоўскі "Еўраквілт". На думку суразмоўніцы, такія фестывалі-конкурсы прыносяць карысць не толькі аматарам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але і дапамагаюць вытворцам тканін і прадметаў для рукадзелля прасоўваць сваю прадукцыю. Часта апошнія выкарыстоўваюць такія фестывалі як рэкламную пляцоўку для сваёй прадукцыі.-0-