Полацкі памежны атрад – адзіны ў краіне, што стаіць на варце беларускай мяжы з трыма дзяржавамі: Латвіяй, Літвой і Расіяй.
Яго структурныя падраздзяленні маюцца ў Верхнядзвінскім, Браслаўскім і Мёрскім раёнах, дзе людзі нясуць службу на заставах і ў аддзяленнях памежнага кантролю. Але і гэта яшчэ не ўсё. З кастрычніка мінулага года ў склад Полацкага пагранатрада ўвайшло аддзяленне памежнага кантролю «Віцебск», якое курыруе віцебскі аэрапорт.
Калі быць дакладней, то гэта структурнае падраздзяленне існуе ўжо 19 гадоў, але раней яно падпарадкоўвалася Мінску, а цяпер па рашэнні Дзяржпагранкамітэта далучана да мясцовага ведамства. Супрацоўнікі аддзялення пагранкантролю «Віцебск» ажыццяўляюць у аэрапорце праверку дакументаў асоб, якія перасякаюць дзяржаўную мяжу. Так як паўночная сталіца Беларусі знаходзіцца на шляху важных паветраных калідораў, у асноўным памежнікі афармляюць самалёты, якія прызямляюцца ў нас на дазапраўку, і прыватныя рэйсы.
– Кожны год мы сустракаем і праводзім гасцей «Славянскага базару», розныя афіцыйныя дэлегацыі. Неяк у віцебскім аэрапорце прызямляліся рарытэтныя самалёты часоў Другой сусветнай вайны, якія накіроўваліся на авіяшоў у Маскву. Прымаюць і так званыя прыватныя таксі. Выразнага графіка прысутнасці на ўзлётнай паласе няма, праца можа заспець у любы час сутак. Аб палётах даведваемся ад супрацоўнікаў аэрапорта, з якімі дзейнічаем у цесным кантакце, – распавядае начальнік аддзялення Андрэй Казлоў.
Варта адзначыць, што з мінулага года працы ў памежнікаў прыбавілася: упершыню за доўгія гады з'явіўся авіярэйс Віцебск – Анталья, дзякуючы чаму нашы турысты маглі аператыўна і камфортна трапіць на адпачынак у Турцыю. Сёлета самалёты таксама будуць лятаць і ў Балгарыю.
– Праверка дакументаў здаецца руціннай працай, – кажа Андрэй Мікалаевіч, – але толькі тым, хто не знаёмы з яе спецыфікай. Яна патрабуе шмат ведаў, бо ў кожнай дзяржавы свае пашпарты і свае спосабы абароны, якіх могуць быць дзясяткі. Наша задача – ведаць усе адметныя асаблівасці галоўнага дакумента любой краіны і ўмовы, па якіх грамадзяне таго ці іншага дзяржавы могуць перасякаць беларускую мяжу.
Вядома, несці службу памежнікам дапамагаюць перадавыя тэхналогіі: праграмна-апаратныя комплексы з адзінай базай, прыборы кантролю сапраўднасці дакументаў. Але, зноў жа, без ведаў не абысціся.
– Наша дзейнасць цікавая тым, што неабходна пастаянна вучыцца і ўдасканальваць свае навыкі, – кажа начальнік змены Сяргей Яцук. – Акрамя таго, менавіта памежнікі першымі сустракаюць гасцей нашай краіны, і ад гэтага зносін складаецца меркаванне пра беларусаў. Разумеючы цяжар адказнасці, стараемся заўсёды быць на вышыні.
Сёння ў гонар Дня памежніка і 97-й гадавіны Дня ўтварэння пагранічных войскаў па добрай традыцыі на плошчы Перамогі ў Віцебску адбудзецца ўрачыстае мерапрыемства. Ваеннаслужачыя і ветэраны пагранічных войскаў павіншуюць адзін аднаго і пройдуць парадным маршам.
Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці"