Полацкі раён і раён Сокал Масквы будуць развіваць супрацоўніцтва ў сферы будаўніцтва і ЖКГ
7 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Жыллёва-камунальная гаспадарка і будаўніцтва стануць прыярытэтнымі напрамкамі ў супрацоўніцтве паміж Полацкім раёнам і управай раёна Сокал Масквы. Развіццё гэтых сфер прадугледжана пагадненнем аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах дзвюх адміністрацыйных адзінак, падпісанне якога адбылося ў Маскве, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Петкевіч.
Як адзначыў суразмоўнік, управа раёна Сокал стала першым дзелавым партнёрам Полацкага раёна ў Расійскай Федэрацыі. Пагадненнем вызначаны прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва. У прыватнасці, прадугледжаны абмен вопытам работы гандлёвых прадпрыемстваў і прадпрыемстваў сферы паслуг, знаёмства з гарадскімі праграмамі развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі, падтрымкі малога бізнесу, удзел у гандлёвых кірмашах і абмен інфармацыяй аб вытворцах. Разам з будаўніцтвам і архітэктурай адміністрацыі маюць намер супрацоўнічаць у галіне перапрацоўкі адходаў. Падобныя пагадненні з'яўляюцца асновай для наладжвання камерцыйных сувязей паміж канкрэтнымі суб'ектамі гаспадарання, упэўнены Пётр Петкевіч.
Цяпер Полацкі райвыканкам вядзе работу па заключэнні пагадненняў аб супрацоўніцтве ў эканамічнай і культурнай сферах з рэгіёнамі Калінінградскай і Кастрамской абласцей Расійскай Федэрацыі. -0-