Полацкі раён развівае супрацоўніцтва ў сферы спорту з рэгіёнамі Латвіі

Даўгастрокавае трохбаковае пагадненне аб намерах супрацоўніцтва ў сферы фізічнай культуры і спорту паміж Полацкім раёнам, а таксама Даўгаўпілскім і Рэзекненскім краямі Латвіі падпісана ў Даўгаўпілсе па выніках правядзення міжнароднага турніру па хакеі з шайбай сярод аматарскіх каманд, паведамілі БЕЛТА у Полацкім райвыканкаме.

Пагадненне нацэлена на развіццё супрацоўніцтва па спартыўных адзінаборствах (дзюдо, кікбоксінг, таэквонда), плаванні, акадэмічнай грэблі, лёгкай і цяжкай атлетыцы, гульнявых відах (футбол, футзал, пляжны футбол, баскетбол, валейбол, хакей), лыжных гонках, боксе, кулявой стральбе і фехтаванні.

Падпісаны дакумент дазволіць спартсменам Полацкага раёна, Даўгаўпілскага і Рэзекненскага краёў удзельнічаць у адкрытых міжнародных спаборніцтвах і акцыях; абменьвацца трэнерамі-выкладчыкамі, інструктарамі-метадыстамі, спецыялістамі па спорце і суддзямі, а таксама выхаванцамі спартыўных школ; забяспечваць летняе аздараўленне і вядзенне спартыўных заняткаў для латвійскіх юных спартсменаў на базе спартыўна-аздараўленчага лагера "Лясная казка" (Полацкі раён, тэрыторыя возера Суя); рэалізоўваць інвестыцыйныя праекты ў сферы фізічнай культуры і спорту, міжнароднай тэхнічнай дапамогі і трансгранічнага супрацоўніцтва.

Алена Ціханава